У Расеі на ўзьбярэжжы Чорнага мора знайшлі 10 дэльфінаў, якія загінулі ад разьліву мазуту

Загінулы дэльфін на беразе Чорнага мора. Ілюстрацыйнае фота

Эколягі назвалі сытуацыю надзвычайна трывожнай.

У навукова-экалягічным Цэнтры выратаваньня дэльфінаў «Дэльфа» паведамілі аб гібелі ня менш як 10 дэльфінаў у выніку разьліву нафтапрадуктаў пасьля аварыі двух расейскіх танкераў.

«З 15 сьнежня, з моманту надзвычайнай сытуацыі, да 22 сьнежня зафіксавана 10 азовак, прычынай гібелі якіх можа быць разьліў мазуту», — адзначаецца ў паведамленьні эколягаў.

У Алексіне, за 60-70 кілямэтраў ад Анапы, 22 сьнежня знайшлі адразу 8 мёртвых дэльфінаў — 6 на беразе і 2 у вадзе. Паводле эколягаў, гэта ўжо кваліфікуецца як масавы выкід.

«На прыбярэжнай тэрыторыі Краснадарскага краю такія выпадкі зусім рэдкія. Гэта надзвычайна трывожная сытуацыя», — паведамілі ў Цэнтры выратаваньня дэльфінаў.

Эколягі ўзялі пробы для далейшага расьсьледаваньня прычын масавай гібелі дэльфінаў.

Азоўка — падвід дэльфінаў, якія жывуць невялікімі групамі да 10 асобін. За апошнія 100 гадоў папуляцыя гэтага віду дэльфінаў значна скарацілася. Згодна з клясыфікацыяй Міжнароднага зьвязу аховы прыроды, азоўцы прысвоілі статус жывёлаў, якія знаходзяцца ў небясьпечным становішчы. Паводле некаторых зьвестак, у канцы 1990-х гадоў агульная папуляцыя гэтага падвіду дэльфінаў не перавышала 10 тысяч асобін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля аварыі расейскіх танкераў узьбярэжжа Керчанскай пратокі на дзясяткі кілямэтраў забруджанае мазутам

15 сьнежня ў штармавых умовах у Керчанскай пратоцы пацярпелі аварыю два расейскія судны з нафтапрадуктамі — «Волгонефть-212» і «Волгонефть-239».

МНС Расеі паведаміла пра гібель аднаго марака. У выніку стыхіі адбыўся разьліў нафтапрадуктаў. Маштабы пакуль невядомыя.

Як паведамілі расейскія СМІ, «Волгонефть-212» перавозіла 4300 тон мазуту. Выданні Shot і Baza сьцьвярджаюць, што прыкладна такая ж колькасьць нафтапрадуктаў была і на борце «Волгонефть-239».

Па факце катастрофы расейскія сілавікі завялі дзьве крымінальныя справы.

Эколягі мяркуюць, што гэтая аварыя паўплывае на экалёгію ў рэгіёне на доўгія гады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскія эколягі падлічылі, якую шкоду можа прынесьці крушэньне двух расейскіх танкераў ля анэксаванага Крыма