Ужо сёньня: Дзень памяці Эміліі Плятэр

Эмілія Плятэр, карціна Яна Багуміла Розэна

Падзеі 23 сьнежня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі.

Дзень у гісторыі

1595 — складаньне Берасьцейскай уніі.

Прамова Пятра Скаргі, ідэоляга Берасьцейскай уніі, карціна Яна Матэйкі

1791 — расейская імпэратрыца Кацярына II усталявала на новадалучаных тэрыторыях Рэчы Паспалітай «мяжу габрэйскай аселасьці».

1884 — у варшаўскім выданьні «Słowo» зьявіўся першы ўрывак з аповесьці Генрыка Сянкевіча «Патоп».

1937 — у Менску ўводзяцца «Правілы карыстаньня трамваем», іх падпісаў старшыня гарвыканкаму Ванееў. У прыватнасьці, забараняўся праезд асобаў зь вінтоўкамі, а таксама — канвою з арыштаванымі. Гэта значыць, да новых правілаў «ворагаў народу» вазілі ня толькі ў «варанках», але і ў звычайным трамваі.

1953 — расстраляныя Лаўрэнці Берыя і іншыя кіраўнікі савецкіх спэцслужбаў сталінскай пары — Усевалад Мяркулаў, Амаяк Кабулаў, Сяргей Гаглідзэ, Павал Мешык, Уладзімір Дэканозаў, Леў Уладзімірскі.

1963 — Папа рымскі Павал VI падвысіў статус Украінскай грэка-каталіцкай царквы з узроўню мітраполіі да вярхоўнага арцыбіскупства.

1990 — 88,5% удзельнікаў рэфэрэндуму выказаліся за незалежнасьць Славеніі ад Югаславіі.

1991 — дэпутаты БНФ спусьцілі зь лесьвіцы ў ВС Уладзімера Жырыноўскага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як дэпутаты БНФ Жырыноўскага зь лесьвіцы спусьцілі

2021 — МУС прызнала беларускую службу Радыё Свабода «экстрэмісцкім фармаваньнем».

2021 — арыштаваны Алег Грузьдзіловіч, журналіст Радыё Свабода.

2022 — з Нацыянальнага мастацкага музэю звольнілі 18 супрацоўнікаў.

У гэты дзень нарадзіліся

1786 Вінцэнт Равінскі, аўтар паэмы «Энеіда навыварат», якая амаль стагодзьдзе лічылася ананімнай. Разгадаў загадку аўтарства літаратуразнаўца Генадзь Кісялёў.

1908 Міхал Варанецкі, каталіцкі сьвятар, вязень ГУЛАГу.

1922 Вольга Ладыгіна, архітэктарка.

1955Юры Варонежцаў, навуковец-фізык і палітык.

У памяці

1831 Эмілія Плятэр, беларуская паэтка і фальклярыстка, удзельніца паўстаньня 1831 году. У часе паўстаньня Эмілія стала камандзірам вайсковага аддзелу і памерла ад ранаў, атрыманых падчас бою.

Эмілія Плятэр

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяць гераіняў гісторыі Беларусі. Падкаст Уладзімера Арлова

1929Яўген Алонаў, вэтэрынар, першы рэктар Віцебскага вэтэрынарнага інстытуту.

1944 — у Дрэздэне падчас бамбаваньня гораду загінуў разам зь сям’ёй Iван Лапа, гісторык ВКЛ.

1961 — памёр Лукаш Бэндэ, літаратурны крытык, «майстар аглабельнай крытыкі».