У Беларусі перастаў адкрывацца сайт газэты «Белорусы и рынок»

Газэта «Белорусы и рынок»

Выданьне зьяўляецца адным з найбольш аўтарытэтных беларускіх у эканамічнай сфэры.

З-за мяжы і пры выкарыстаньні VPN сайт па-ранейшаму даступны, піша «Позірк».

«Белорусы и рынок» — адно з першых прыватных СМІ ў Беларусі, спэцыялізуецца на эканамічнай тэматыцы. Як газэта выдавалася з канца 1990 году — спачатку ў фармаце тыднёвіка, пасьля да 2023 году раз на месяц.

1 сьнежня 2022 году Міністэрства інфармацыі анулявала рэгістрацыю друкаванага СМІ «Белорусы и рынок».

Дырэктар газэты Канстанцін Залатых быў затрыманы 18 траўня 2022 году пасьля ператрусу ў рэдакцыі. Асуджаны па шэрагу крымінальных артыкулаў 6 красавіка 2023 году на 4 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Канстанцін Залатых сустракае 55 гадоў за кратамі, працуе на дрэваапрацоўцы

Змаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ

У 2020–2021 гадах перасталі выходзіць на паперы шэраг незалежных газэтаў нацыянальнага і рэгіянальнага абсягу. Большасьць газэтаў спынілі выхад праз палітычны ціск пасьля публікацый — ім не давалі далей друкавацца ў Беларусі. Перасьлед працягнуўся ў 2022-2023 гг.

Праблемы з друкарнямі паўсталі перад рэдакцыямі выданьняў:

  • «Белгазета»,
  • «Брестская газета»,
  • «Газета Слонімская»,
  • «Информ-прогулка»,
  • «„Комсомольская правда“ в Белоруссии»,
  • «Лидер-пресс».
  • «Народная воля»,
  • «Новы час»,
  • «Рэгіянальная газета»,
  • «Свободные новости плюс»,
  • «Ганцавіцкі час».

У многіх рэдакцыях і ў журналістаў дома прайшлі ператрусы. Некаторыя рэдакцыі зазналі некалькі ператрусаў.

Фінансавыя праблемы сталі прычынай закрыцьця яшчэ дзьвюх папулярных у сваіх рэгіёнах незалежных газэтаў. На пачатку мінулага году перасталі выходзіць «Барысаўскія навіны», а ў канцы 2020 году выйшаў апошні нумар газэты «Вольнае Глыбокае».

Мэдыя і мэдыяарганізацыі, прызнаныя ўладай «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі»: Радыё Свабода, Белсат, БелаПАН, Эўрарадыё, Tut.by, Kyky.org, Наша Ніва, Хартыя’97, Флагшток, Hrodna.life, Volkovysk.by, Маланка Медыя, «Бабруйск Online», «Брестская газета», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Мост, Люстэрка, Ранак, Беларускі расьсьледавальніцкі цэнтар, Tribuna.com Беларусь, Ex-press.livе, Deutsche Welle Беларусь, UDF.by.

У Воршы па рашэньні пракуратуры заблякавалі рэгіянальны партал Orsha.eu, у Гомлі «Свободные новости Плюс», у Віцебску «Витебский курьер».

Некаторыя рэдакцыі самі вырашылі спыніць выхад папяровых вэрсій, як, напрыклад, «Информ-прогулка» ў Лунінцы ці «ЎзГорак» у Горках.