Рашэньне было прынятае на юрыдычных падставах, бо «не было ўстаноўлена дастатковых падставаў для падазрэньня ва ўчыненьні злачынстваў, якія маглі б перасьледавацца ў Нямеччыне», гаворыцца ў прэсавым рэлізе пракуратуры.
Дэпутат ад партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» Ёрг Дорнаў абвінавачваўся ў тым, што выкарыстоўвае працу беларускіх палітвязьняў на сваёй цыбульнай фэрме «Цыбулька-Бел» у Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць нямецкага дэпутата, які выкарыстоўваў працу беларускіх палітвязьняў, на радзіме завялі справуПракуратура Ляйпцыгу адзначыла, што справу паводле артыкулаў аб прымусовай працы і эксплюатацыі працоўных рэсурсаў можна было б распачаць, калі б дзеяньні падазраванага падлягалі крымінальнай адказнасьці ў краіне іх учыненьня.
«Нават калі меркаваць, што апісаныя абставіны маглі б разглядацца як эксплюатацыя працоўных рэсурсаў паводле арт. 233 КК Нямеччыны, у Беларусі гэтае злачынства магчыма толькі пры наяўнасьці прымусовай працы. Паколькі такіх дадзеных няма, абвінавачаны ня можа быць прыцягнуты да адказнасьці ў Нямеччыне нават пры наяўнасьці нямецкага грамадзянства», — заяўляе пракуратура.
Пракуратура спасылаецца на словы зьняволенага, які працаваў на фэрме Дорнаў, які прызнае, што праца не была прымусовай, апісвае ўмовы ў папраўчай установе як катаваньні і заяўляе, што палічыў за лепшае працаваць на фэрме, бо ўмовы там былі лепшыя, чым у турме.
- 24 верасьня сайт reform.news апублікаваў матэрыял, у якім сьцьвярджалася, што ўладальнік ТАА «Цыбулька-Бел» Дорнаў заключыў пагадненьне зь лідзкім Цэнтрам ізаляцыі правапарушальнікаў і рэгулярна прыцягваў асуджаных паводле палітычных артыкулаў да працы на сваёй цыбульнай плянтацыі. Адзначаецца, што ім плацілі «каля 5 эўра» ў эквіваленце ў дзень, пры гэтым нямецкі палітык нібыта «асабіста правяраў працу палітвязьняў».
- Факт выкарыстаньня іх працы пазьней пацьвердзіў нямецкім тэлежурналістам былы палітвязень Сяргей Чарняк, зь якім яны сустрэліся ў Польшчы.
- «Цыбулька-Бел» зарэгістраваная ў Адзіным дзяржаўным рэгістры 2 кастрычніка 2020 году ў аграгарадку Гуды (Горадзенская вобласьць). Упершыню пра беларускі бізнэс Дорнаў сёлета ў красавіку паведаміла нямецкая газэта Welt am Sonntag, расьсьледаваньне якой разьмясьціў у сябе папулярны таблёід Bild. Адзначалася, што за ўтойваньне факту валоданьня «буйным сельскагаспадарчым прадпрыемствам» дэпутату пагражала адказнасьць. 7 жніўня яго аштрафавалі на 20 682 эўра.
- 25 верасьня нямецкі юрыст Фэрдынанд Мюлер ініцыяваў расьсьледаваньне супраць Дорнаў, падаўшы заяву аб завядзеньні крымінальнай справы ў сувязі з гэтым інцыдэнтам.