Ліст кітайскаму сябру, праслаўленьне Радзімы. Што напісана ў праграме новага школьнага факультатыву аб карыстаньні інтэрнэтам

Аплікацыя TikTok на смартфоне. Ілюстрацыйнае фота

Мэта новага факультатыву, прыдаманага ўладамі — «фармаваньне ў навучэнцаў грамадзянскасьці і патрыятызму». Разьбіраемся, навошта гэта вучням і чым яны сапраўды цікавяцца ў інтэрнэце.

Міністэрства адукацыі Беларусі 9 сьнежня зацьвердзіла навучальную праграму новага факультатыву для падлеткаў. Ён называецца «Я і мая краіна ў глябальнай кампутарнай сетцы інтэрнэт». Новы факультатыў агульнай працягласьцю 69 гадзінаў (па гадзіне на тыдзень) разьлічаны на падлеткаў, якія вучацца ў восьмых-дзявятых клясах.

Стваральнікі праграмы маюць на мэце «фармаваньне ў навучэнцаў грамадзянскасьці і патрыятызму, жаданьня быць дастойным членам грамадзтва». Яшчэ адна мэта праграмы — «папулярызаваць сваю краіну і малую радзіму ў віртуальнай прасторы».

Сярод задач, якія ставіць Міністэрства адукацыі, — «выхаваньне пачуцьця гонару за сваю краіну», «пашырэньне ведаў навучэнцаў аб сваёй малой радзіме», «фармаваньне ў навучэнцаў уменьняў, зьвязаных з напаўненьнем віртуальных старонак».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькасьць першаклясьнікаў у Беларусі за апошнія тры гады скарацілася на 13 тысяч

Чаму будуць вучыць

У праграме падрабязна расьпісана, што будуць вывучаць падлеткі цягам факультатыву. Гэта пошук інфармацыі ў сеціве, стварэньне кантэнту, які папулярызуе Беларусь, напісаньне тэкстаў, напаўненьне старонак, завабліваньне аўдыторыі.

Напрыклад, на 4-м занятку васьмікласьнікі напішуць ліст «кітайскаму сябру», у якім трэба расказаць пра свой родны горад, а завершаць факультатыў у гэтай клясе праектнай работай «віртуальная старонка маёй малой радзімы».

Таксама пасьля праходжаньня новага факультатыву вучні мусяць займець «сацыякультурныя веды аб Беларусі, малой радзіме» і веды ў гісторыі і геаграфіі. Школьнікаў будуць вучыць фатаграфаваць, а таксама дбаць пра кампутарную бясьпеку. Праектная праца для дзевяцікласьнікаў па выніку факультатыву — онлайн-дзёньнік на выбраную тэму: гісторыя, турызм, спорт, дасягненьне навукі, атамная энэргетыка ды інш.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі будуць вучыць школьнікаў, як дапытваць і абшукваць

«Падлеткі самі дарослых могуць навучыць»

Свабода на ўмовах ананімнасьці распытала бацькоў падлеткаў, якія цяпер вучацца ў беларускіх школах. Паводле адной з суразмоўцаў, маці дваіх старшакласьнікаў, правядзеньне факультатыву ляжа на плечы настаўнікаў інфарматыкі.

«Настаўнікі ня будуць радыя дадатковай нагрузцы, бо звычайна інфарматыкаў у школе бракуе і яны яшчэ замяняюць урокі матэматыкі і фізыкі. Самі вучні чаму заўгодна навучаць дарослых у інтэрнэце. Сэнс факультатыву — каб дзеці пісалі ў сацсетках пра Беларусь у афіцыйным ключы. А гэта малаверагодна. Прамываньне мазгоў, чыста фармальнае выкладаньне — хто гэтым будзе займацца? Чакаць шмат ролікаў і фота ў чырвона-зялёных колерах?» — расказвае маці дваіх старшакласьнікаў.

Ейныя дзеці ў інтэрнэце глядзяць блогераў, разьвіцьцёвыя відэа, цікавяцца карэйскай і японскай культурай.

Яшчэ адна маці падлетка падзялілася ў размове са Свабодай, што яе сын цікавіцца ў інтэрнэце футболам і анімэ. Пры гэтым клясных кіраўнікоў у школе адміністрацыя прымушае глядзець, што падлеткі робяць у інтэрнэце. Па словах жанчыны, для гэтага «клясныя» нават ствараюць фэйкавыя акаўнты і просяцца ў сябры да вучняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінадукацыі Беларусі ўвяло факультатыў «Азбука маральнасьці» для школьнікаў малодшых клясаў  

«Ні часу, ні абсталяваньня»

Паводле былой настаўніцы, зь якой Свабода паразмаўляла на ўмовах ананімнасьці, мэты новага факультатыву ніяк не зьвязаныя з навыкамі і ўменьнямі ў інтэрнэце.

«Цяпер блогінг вельмі папулярны, і ў праграме гэта ёсьць. Калі настаўнік зацікаўлены зрабіць гэты факультатыў карысным для жыцьця, гэта можна зрабіць добра. Калі настаўнік сам не цікавіцца сецівам і блогінгам, то будуць проста фармальныя заняткі», — мяркуе суразмоўца.

На ейную думку, калі ёсьць мэта прапіярыць на ўроку прапаганду, то «гэта можна зрабіць хоць на фізыцы, хоць на хіміі».

«Дакладна будзе нешта пра фэйкі, якія ствараюць „гібрыдныя дзяржавы супраць Беларусі“. Будуць намагацца ачарніць дэмакратычныя плятформы за мяжой, будуць расказваць пра добрыя, на іхную думку, каналы ў Telegram. Будуць піярыць нешта сваё, ачарняць апазыцыйныя структуры», — мяркуе суразмоўца.

Таксама пэдагог зазначае, што праекты, якія вучні будуць рабіць на гэтым факультатыве, дакладна будуць правярацца. Таму іх будуць рабіць «вельмі патрыятычнымі ў дзяржаўным разуменьні».

«Гэтыя заняткі недзе могуць наагул не праходзіць, гэта залежыць ад школы. Могуць напісаць паперку, што ўсё праведзена, а праект зробяць якія-небудзь ініцыятыўныя вучні», — прыводзіць прыклад былая настаўніца. Гэта адбываецца таму, што ў настаўнікаў няма вольнага часу, можа нават ня быць кабінэту пад такія патрэбы і неабходнага абсталяваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Народны Лукашэнка» і замежныя падпісчыкі. Як беларуская прапаганда перад выбарамі працуе ў TikTok