Раніцай 20 сьнежня Расея пачала абстрэльваць Кіеў. У Херсонскай вобласьці на падкантрольную Ўкраіне тэрыторыю спрабавала прарвацца дывэрсійная група.
Пад прыцэлам — інфраструктура
Кіраўнік Херсонскай вобласьці Аляксандар Пракудзін паведаміў аб інтэнсіўным расейскім абстрэле абласнога цэнтру.
«Пад агнём — жылыя кварталы, крытычная і сацыяльная інфраструктура. На жаль, ёсьць пацярпелыя сярод гараджан. Варожыя дывэрсійна-выведныя групы спрабавалі прасунуцца ў кірунку Херсону, але іх адразу выявілі і зьнішчылі нашы абаронцы», — паведаміў Аляксандар Пракудзін у сваім Telegram-канале.
Паводле яго, адзін чалавек загінуў і 9 атрымалі раненьні. У выніку абстрэлаў каля 60 тысяч абанэнтаў засталіся без электраэнэргіі.
Кіеў, папярэдне, абстралялі балістычнымі ракетамі. Жыхары паведамілі аб некалькіх моцных выбухах. Паводле ўладаў, у выніку падзеньня аскепкаў ракет у адным з раёнаў украінскай сталіцы загарэліся аўтамабілі.
Мэр Кіева Віталь Клічко паведаміў, што на месца падзеньня аскепкаў ракет накіравалася брыгада мэдыкаў. Паводле папярэдніх зьвестак, 9 чалавек атрымалі раненьні, адзін чалавек загінуў. У іншым раёне пашкоджаная цепламагістраль, а аскепкі ракет упалі на дах офіснага цэнтру.
Паводле кіеўскіх ўладаў, без цяпла засталіся 630 жылых дамоў, 16 мэдычных устаноў, 17 школ і 13 дзіцячых садкоў.
У Кіеве ў выніку абстрэлу пацярпеў адзін з найпрыгажэйшых храмаў — касьцёл Сьвятога Мікалая, пабудаваны да 1917 году і нядаўна адрэстаўраваны.
У Расеі заявілі, што абстралялі Кіеў за ўдары Ўкраіны па Растоўскай вобласьці
У Міністэрстве абароны Расеі заявілі, што раніцай 20 сьнежня нанесьлі групавы ўдар «высокадакладнай зброяй вялікай адлегласьці» нібыта па пункту кіраваньня Службы бясьпекі Ўкраіны, кіеўскім канструктарскім бюро «Прамень», на якім, паводле расейцаў, праектуюць і вырабляюць ракетныя комплексы «Няптун», крылатыя ракеты наземного базаваньня «Вольха», а таксама пазыцыі зэнітнага комплексу Patriot».
Як адзначаецца ў паведамленьні Мінабароны Расеі, гэта быў адказ на ракетны ўдар 18 сьнежня з тэрыторыі Ўкраіны шасьцю ракетамі ATACMS і чатырма Storm Shadow па прадпрыемстве «Камбінат Каменскі» у Растоўскай вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі Захад здасца ва Ўкраіне, то наступнымі будуць Беларусь і Малдова, — Аркадзь МошэсУкраінскія войскі трапілі ў расейскае атачэньне на ўсходнім фронце
Ва ўкраінскім OSINT-праекце Deep State паведамілі, што расейцы захапілі ў Пакроўскім раёне Данецкай вобласьці два населеныя пункты, Трудавое і Усьпенаўку, і занялі апошні кавалак так званага «Усьпенаўскага мяжка».
«На жаль, выйсьці зь яго змаглі ня ўсе», — паведамілі аналітыкі. Яны папярэдзілі аб яшчэ адным імаверным атачэньні ўкраінскіх падразьдзелаў — у кірунку Андрэеўкі ў Вяліканавасёлкаўскім раёне Данецкай вобласьці, якую расейцы атакуюць адразу зь некалькіх кірунках.
Паводле ўкраінскіх аналітыкаў, расейцы актыўна выкарыстоўваюць тэхніку і пяхоту, якую закідваюць на максымальную блізкасьць да лініі сутыкненьня, каб замацавацца ў пасадках.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп раскрытыкаваў рашэньне Байдэна дазволіць Украіне наносіць удар па тэрыторыі РасеіВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.