Хранічная стома ў наш час, піша The New York Times, — даволі распаўсюджаны стан, але яго таксама можна лячыць. Газэта пагутарыла зь некалькімі лекарамі, якія займаюцца лячэньнем разладаў сну і хранічнай стомы.
Паводле газэты, у яе рубрыку «Ask Well» даволі часта пішуць людзі, якія пытаюцца пра хранічную стому, якую яны адчуваюць, нягледзячы на тое, што шмат сьпяць.
Доктарка Шэнан Саліван, спэцыялістка ў мэдыцыне сну ў Стэнфардзкім унівэрсытэце, кажа, што прычын хранічнай стомы можа быць некалькі, таму ў кожным канкрэтным выпадку трэба зь імі добра разьбірацца. Часам проста трэба крыху зьмяніць рэжым сну. А бывае, што стому выклікаюць пэўныя праблемы са здароўем або лекі.
Добрая навіна заключаецца ў тым, што ёсьць спосабы, як вызначаць і лячыць крыніцу хранічнай стомы. Гэта можа дапамагчы чалавеку адчуць сябе лепш. Вось некаторыя парады:
Ці сапраўды вы дастаткова сьпіце
Першае, што вам трэба зрабіць, кажа Шэнан Саліван, — гэта перагледзець звычкі, зьвязаныя са сном. Магчыма, ваш рэжым сну мае патрэбу ў карэкцыі. Пастарайцеся спаць ня менш за 7 гадзін кожную ноч (некаторым людзям трэба больш) і старайцеся класьціся спаць і прачынацца ў адзін і той жа час кожны дзень. Сон і яго якасьць будуць лепшымі, калі рэжым будзе пастаянны.
Калі вы рэгулярна п’яце каву днём ці выпіваеце келіх віна ўвечары, паспрабуйце на пэўны час ад гэтага адмовіцца. Перад сном таксама ня варта есьці і ня трэба гартаць стужку ў тэлефоне. Гэта можа зьменшыць якасьць сну. Час прыёму ежы можа мець вялікае значэньне; старайцеся заканчваць вячэру як мінімум за дзьве-тры гадзіны да сну.
У любым выпадку, калі ў вас праблемы са сном, заўсёды карысна зьвярнуцца да лекара. Спэцыяліст у сьне, які называецца самнолягам, можа ня толькі дапамагчы палепшыць рэжым і якасьць сну. Ён таксама пагаворыць з вамі пра іншыя сымптомы, пра гісторыю хваробаў вашай сям’і, каб зразумець, ці можа яшчэ нешта адымаць у вас энэргію.
Гэта можа быць разлад сну
Разлады сну ў наш час вельмі распаўсюджаныя, кажа самноляг Кара Дзюпюі-Маколі. Адна з праяў разладу сну — дрымотны стан на працягу дня. Вось што за гэтым можа стаяць:
Бессань
Прыкладна 30% дарослых ва ўсім сьвеце маюць цяжкасьці з засынаньнем або падтрыманьнем сну (ці і тое, і другое). Такія людзі адчуваюць сябе стомленымі і няздольнымі засяродзіцца. Бессань можа быць кароткатэрміновай, выкліканай, напрыклад, стрэсам ці зьменай часавых паясоў. Але калі гэты сымптом праяўляецца тры разы на тыдзень (або часьцей) на працягу трох месяцаў (ці больш), у такога чалавека можа быць хранічная бессань.
Лячэньне будзе залежаць ад прычыны, але ў многіх выпадках кагнітыўна-паводзінавая тэрапія (карэкцыя паводзінаў і звычак) можа быць эфэктыўнейшай за лекі.
Апноэ ў сьне
Яшчэ адным распаўсюджаным разладам сну можа быць абструктыўнае апноэ ў сьне, якое ўзьнікае, калі цягліцы горла спадаюць падчас сну, блякуючы паток паветра і прымушаючы чалавека пэрыядычна спыняць дыханьне. У некаторых людзей можа ня быць ніякіх сымптомаў апноэ, а іншыя могуць храпці, прачынацца, хапаючы ротам паветра, ці адчуваць дрымотнасьць на працягу дня. Безь лячэньня сур’ёзныя выпадкі апноэ могуць прывесьці да сардэчных захворваньняў, інсульту і дыябэту. Лекар можа дыягнаставаць гэты стан з дапамогай спэцыяльнай прылады. Лячэньне з дапамогай так званых апаратаў CPAP часта бывае эфэктыўным.
Сындром неспакойных ног
Гэты разлад характарызуецца непрыемнымі адчуваньнямі ў нагах і жаданьнем рухаць імі. Сымптомы, як правіла, узмацняюцца ноччу і могуць пачацца пасьля таго, як вы леглі спаць, што абцяжарвае засынаньне. Масаж ног і скарачэньне дозаў алькаголю і кафэіну або поўная адмова ад іх могуць дапамагчы зьменшыць гэтыя сымптомы, кажа доктарка Дзюпюі-Маколі. Яна дадае, што лячэньне дэфіцыту жалеза таксама можа пайсьці на карысьць.
Што яшчэ можа выклікаць стомленасьць
Памятайце, што стома і ўпадак сіл могуць быць выкліканыя і іншымі праблемамі са здароўем. Вось некаторыя зь іх:
Гарманальны дысбалянс
Распаўсюджаная праблема, зьвязаная са стомай, — гіпатырэоз, які ўзьнікае, калі шчытападобная залоза не выпрацоўвае дастаткова сваіх гармонаў. Гэтую прычыну хранічнай стомы называе эндакрыноляг Сьюзан Сэмсан. Добрая навіна ў тым, што гіпатырэоз лёгка дыягнаставаць і вылечыць. Для дыягностыкі дастаткова зрабіць адпаведны аналіз крыві.
Дэфіцыт вітамінаў ці мінэралаў
Дэфіцыт жалеза, які больш верагодны, калі ў вас мэнструацыя ці вы прытрымліваецеся вэгетарыянскай або вэганскай дыеты, можа выклікаць стомленасьць, як і нізкі ўзровень вітамінаў D і B12. Аналізы крыві дапамогуць выявіць, ці ёсьць у вас дэфіцыт любога з гэтых мікраэлемэнтаў, і адпаведныя харчовыя дабаўкі дапамогуць яго зьліквідаваць.
Хранічныя станы
Многія іншыя захворваньні, такія як дыябэт, дэпрэсія, страўнікава-кішачныя хваробы і працяглы COVID, маюць сярод сваіх сымптомаў хранічную стомленасьць. Існуе таксама сындром хранічнай стомленасьці, вядомы як міяльгічны энцэфаляміеліт або ME/CFS, ён выклікае моцную і пастаянную стомленасьць. Гэтая хвароба пакуль ня лечыцца, але яе сымптомы можна кантраляваць.
Лекі
Існуе доўгі сьпіс лекаў (сярод іх антыдэпрэсанты, бэнзадыязэпіны і антыгістамінныя прэпараты), якія таксама могуць выклікаць адчуваньне стомленасьці.
Апытаныя The New York Times экспэрты згодныя ў тым, што звычайна лекарам удаецца вызначыць прычыны стомленасьці і пасьпяхова зь ёю змагацца. «Заўсёды добрая ідэя — проста пайсьці на прыём да лекара», — падсумавала доктарка Дзюпюі-Маколі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як перажыць сьвяты і даць рады сэзоннаму стрэсу