Двухпавярховы дом № 7 на вуліцы Цяплічнай у Менску зноў выставілі на таргі. Разам зь домам прадаецца зямельны ўчастак 0,1411 га, абсталяваньне і прадметы інтэр’еру. Агульная плошча будынка — 418,3 кв. мэтра.
Аўкцыён прызначаны на 15 студзеня, стартавая цана на пляцоўцы «Белюрзабесьпячэньня» — 1 683 200 рублёў, задатак — 168 320 рублёў. У параўнаньні зь першымі таргамі стартавую цану значна зьнізілі — у лістападзе яна складала 2 104 000 рублёў. Тады ахвотных набыць дом не знайшлося, таргі не адбыліся.
У аб’яве на продаж адзначана, што нерухомасьць пад арыштам, суд забараніў зьдзяйсьняць зь ёю рэгістрацыйныя дзеяньні. Таксама ўказана, што ў доме зарэгістраваныя тры чалавекі, у тым ліку двое непаўналетніх дзяцей. Даўжніком лічыцца Цапкала Валер Вільямавіч, ён жа і ўладальнік маёмасьці.
Паводле беларускага заканадаўства нельга забіраць жыльлё, у якім пражывае даўжнік або ягоная сям’я. Аднак беларускія ўлады канфіскавалі і прадалі на аўкцыёне кватэры Ціханоўскіх і Цапкалаў, нягледзячы на тое, што ў іх былі зарэгістраваныя непаўналетнія дзеці.
У красавіку 2024 году з другой спробы прадалі трохпакаёвую кватэру сям’і Цапкалаў ў доме № 5 на вуліцы Чарнышэўскага ў Менску. Першыя таргі таксама праваліліся — ахвотных не было. Пры другой спробе, пасьля зьмяншэньня цаны, яны зьявіліся.
Вераніка Цапкала, калі даведалася, што ўлады выставілі кватэру на продаж, заявіла, што яна належыць яшчэ і непаўналетнім дзецям, што, згодна з законам, не дазваляе адчужаць маёмасьць. Яна заклікала пракуратуру і Сьледчы камітэт правесьці расьсьледаваньне, а таксама паабяцала, што калі вернецца ў Беларусь, запатрабуе з пакупніка арэндную плату за ўвесь час карыстаньня кватэрай.
Хто такія Валер і Вераніка Цапкалы
Валер Цапкала ў мінулым кіраваў беларускім Паркам высокіх тэхналёгій. Для ўдзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году ён сабраў ініцыятыўную групу. Аднак ЦВК адмовіла яму ў рэгістрацыі, бо нібыта сабраных подпісаў пасьля праверкі аказалася менш за сто тысяч. Калі палітыка не дапусьцілі да ўдзелу ў выбарах, ягоная жонка Вераніка далучылася да аб’яднанага штабу Сьвятланы Ціханоўскай.
Сам палітык пакінуў краіну ў ліпені 2020 году, баючыся крымінальнага перасьледу. Пазьней да яго ў Латвію пераехалі жонка і дзеці.
6 студзеня 2021 году Валер Цапкала абвясьціў аб стварэньні Беларускага дэмакратычнага форуму, які меўся быць супрацьвагай арганізаванаму Лукашэнкам «Усебеларускаму нацыянальнаму сходу».
У красавіку 2023 году Менскі абласны суд завочна прысудзіў яму 17 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у памеры 1000 базавых велічынь, а таксама пазбавіў права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на працягу 5 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цапкала расказаў, што ягоную машыну арыштоўвалі ў Эўропе на запыт уладаў Беларусі