Мяркуючы па кароткім рэзюмэ патэнта ад 14 лістапада 2024 году, праграма можа аўтаматычна генэраваць фальшывыя відэа паводле «інтэрактыўна зададзеных сцэнароў» — карыстальнік нібыта можа задаць праграме сцэнар дыпфэйку і вызначыць аўдыё-, відэа-і тэкставы матэрыял, на аснове якога дыпфэйк павінен быць згенэраваны. Па задуме аўтара, такі софт можа прымяняцца ў складзе «аўтаматызаваных і інфармацыйных сыстэм», якія выкарыстоўваюцца для «вядзеньня інфармацыйнага супрацьборства».
Дыпфэйкамі называюць рэалістычныя падробкі фота, відэа ці аўдыё. Для іх генэрацыі выкарыстоўваюцца навучаныя мадэлі нэўрасетак, якія важаць сотні мэгабайт ці гігабайты. Пры гэтым праграма Маўлеева напісана на састарэлай мове Object Pascal і важыць усяго 1,5 мэгабайта. Такая вага можа адпавядаць інтэрфейсу праграмы, але для паўнавартаснай гэнэрацыі дыпфейкаў яе недастаткова. Гэта значыць, праграма ці не працуе, ці няслушна апісаная ў патэнце, пацьвердзілі «Сыстэме» два спэцыялісты ў нэўрасетках, якія пажадалі застацца ананімнымі.
Хто такі Руслан Маўлееў
Старшы лейтэнант расейскай арміі Маўлееў зарэгістраваў у Распатэнце яшчэ як мінімум сем праграм. Сярод іх — софт для «аўтаматызаванага фармаваньня і папаўненьня кітайска-карэйска-расейска-татарскага слоўніка» і «аналізу натуральна-моўных тэкстаў на славянскіх і сіна-тыбэцкіх мовах». Усе праграмы Маўлеева напісаныя на мове Object Pascal. Перад рэгістрацыяй кожную праграму правяраюць спэцыялісты Распатэнту, працэс звычайна займае некалькі месяцаў.
У 2019 годзе Маўлееў абараніў кандыдацкую дысэртацыю як супрацоўнік Вайсковага ўнівэрсытэту Мінабароны РФ па тэме «Ваенна-палітычны дыскурс: сацыяльна-камунікатыўныя, лінгвакагнітыўныя і перакладчыцкія аспэкты (на матэрыяле кітайскай і расейскай моў)».
Мяркуючы па фота ў адкрытых крыніцах, ён як мінімум двойчы езьдзіў у службовыя выправы ў складзе расейскіх вайсковых дэлегацый. У 2014 годзе ён удзельнічаў у сумесных вайскова-марскіх вучэньнях Расеі і Кітая, якія прайшлі ў Шанхаі. У канцы 2023-га яго сфатаграфавалі на мерапрыемстве з іранскай дэлегацыяй у «Рускім доме ў Сырыі» (знаходзіцца ў Дамаску, належыць «Рассупрацоўніцтву»).
У адной з крыніц Маўлееў згаданы як старшы навуковы супрацоўнік Навукова-дасьледчага інстытуту інфармацыйнай бясьпекі Вайсковай акадэміі Генштаба (ВАГШ) ВС РФ. Гэты НДІ створаны ў 2019 годзе, яго супрацоўнікі выконваюць дасьледчыя працы і выпрацоўваюць прапановы для «ўдасканаленьня сыстэмы інфармацыйнай бясьпекі».
Маўлееў адмовіўся адказваць на пытаньні «Сыстэмы», спаслаўшыся на тое, што ён «непублічная асоба».
Фэйкі і дыпфэйкі ў расейскім парадку дня
Расейскія афіцыйныя асобы рэгулярна расказваюць аб небясьпеках дыпфэйкаў. Уладзімір Пуцін яшчэ ў 2021 годзе адзначаў, што «распрацоўкі для супрацьдзеяньня дыпфейкам можна выкарыстоўваць на карысьць людзям».
У верасьні 2024-га намесьнік кіраўніка МЗС Сяргей Рабкоў заяўляў аб неабходнасьці «тарпэдаваць фэйкі, у тым ліку дыпфэйкі».
Сама тэхналёгія ўжо выкарыстоўваецца ў «інфармацыйным супрацьборстве». У 2023 годзе «Сыстэма» расказала, як у нетрах «Раскамнагляду» навучалі нэўрасеткі для распазнаньня «фэйкаў аб прэзыдэнце» у сацсетках. У якасьці навучальнага матэрыялу выкарыстоўваліся выявы Пуціна ў выглядзе краба, молі і вампіра.
У траўні 2024 году ў сетцы зьявілася дыпфэйк-відэа з удзелам прадстаўніка Дзярждэпартамэнту ЗША Мэт'ю Мілера. У роліку ён нібы сьцьвярджае, што Белгарад — «законная цэль» для ўкраінскіх удараў, паколькі ў ім «не засталося мірных жыхароў». Відэа распаўсюджвалася па расейскіх тэлеграм-каналах і дзяржаўных СМІ.
Выкрыць фальшыўку было нескладана: вусны «Мілера» рухаюцца з прыкметнай рассынхранізацыяй, ягоны гальштук і кашуля мяняюць колер проста ў кадры, а маўленьне гучыць ірвана і ненатуральна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія фэйкі пра Беларусь