Амбразевіч: Гонка ўзбраеньняў набірае абароты
Намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Юры Амбразевіч заявіў аб наяўнасьці «прыкмет зьнішчэньня міжнароднай бясьпекі ў яе глябальным сэнсе» і набліжэньні сьвету да трэцяй усясьветнай вайны.
«Сёньня можна канстатаваць, што панэўрапейская архітэктура трэснула, інструмэнтар зьнішчаны і пэрспэктыў яе вяртаньня да таго, як было да 2022 году, не праглядаецца», — заявіў Юры Амбразевіч 17 сьнежня на пасяджэньні Рады міністраў Нарады па ўзаемадзеяньні і мерах даверу ў Азіі, якая прайшла ў фармаце відэканфэрэнцыі.
Юры Амбразевіч адзначыў, што апошняя сустрэча міністраў краін Арганізацыі бясьпекі і супрацы ў Эўропе (АБСЭ) ў Мальце «прынесла расчараваньне», бо на ёй не адбылося «ніводнага выступу прадстаўнікоў краін NATO або Эўразьвязу, у якім хаця б стратэгічна прысутнічала бачаньне выхаду з крызісу ці гучаў заклік да дыялёгу».
«Ключавыя міжнародныя дамовы ў сфэры кантролю над узбраеньнямі і раззбраеньня ігнаруюцца. Гонка ўзбраеньняў набірае абароты. Мы ў Беларусі адчуваем гэты ціск непасрэдна на заходняй і паўночнай мяжы краіны, дзя сябры NATO разьмяшчаюць новыя войскі і актыўна ўзбройваюцца», — заявіў намесьнік міністра замежных спраў Беларусі.
Пра што не згадаў Амбразевіч
У лютым 2022 году пры падтрыманьні ўладаў Беларусі і зь беларускай тэрыторыі Расея пачала поўнамаштабную ваенную агрэсію супраць Украіны. Беларусь аказвала расейскаму войску тылавыя і мэдыцынскія паслугі, давала пляцоўкі для пуску ракет на тэрыторыю Ўкраіны і вайсковыя аэрадромы, чыгунку для вайсковых перавозак, а таксама перадавала зброю. Беларусь таксама галасавала супраць антываенных рэзалюцый у ААН і АБСЭ.
Згодна зь міжнародным правам, Беларусь зьяўляецца саўдзельніцай расейскай агрэсіі.
З пачатку вайны Эўразьвяз, Вялікая Брытанія, Швайцарыя, Канада, ЗША і Японія ўвялі шэраг міжнародных санкцый супраць дзяржаўных чыноўнікаў дзьвюх краін, а таксама ў гандлі, каб выключыць перадачу Беларусі і Расеі тэхналёгій і прадукцыі, якія можна выкарыстоўваць у вайсковай сфэры.
Адначасова краіны Захаду стварылі міжнародную кааліцыю для падтрымкі Ўкраіны і аказаньня ёй вайсковай дапамогі, а таксама пачалі ўзмацняць і сваю абарону.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ядзерная кнопка ў руках Лукашэнкі. Меркаваньне экспэрта ў ядзернай зброі Старчака
Пасьля падтрыманай уладамі Беларусі расейскай агрэсіі Чэхія (у жніўні 2022-га) і Польшча (у сакавіку 2023-га) прынялі рашэньне аб невыкананьні Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Эўропе ў дачыненьні да Беларусі. У кастрычніку 2023 году Беларусь у адказ прыпыніла дзеяньне дамовы датычна да Польшчы і Чэхіі, а сёлета ў траўні Беларусь, як і Расея, цалкам спыніла ўдзел у гэтай дамове.
Пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне спачатку Расея, а потым і Беларусь пачалі шантажаваць Захад магчымым выкарыстаньнем ядзернай зброі. У канцы красавіка 2024 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Расея разьмясьціла ў Беларусі некалькі дзясяткаў ядзерных боепрыпасаў, а ў лістападзе Расея правяла практычнае «выпрабаваньне» новай ракеты «Арэшнік» і выкарыстала яе для абстрэлу ўкраінскага горада Дніпро.
У пачатку сьнежня Аляксандар Лукашэнка прапанаваў прэзыдэнт Расеі Ўладзіміру Пуціну разьмясьціць гэтыя ракеты на тэрыторыі Беларусі.
7 сьнежня намесьнік начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Беларусі Сяргей Лагадзюк паведаміў, што ракетны комплекс «Арэшнік» будзе разьмешчаны ў Беларусі ў адказ «на пляны ЗША разьмясьціць у Нямеччыне ракеты сярэдняй далёкасьці».
16 сьнежня Юры Амбразевіч заявіў, што афіцыйны Менск спадзяецца атрымаць месца за сталом перамоваў па заканчэньні вайны ва Ўкраіне для атрыманьня гарантый бясьпекі. У Кіеве з зьдзіўленьнем успрынялі гэтую заяву і нагадалі, што беларускі рэжым у лютым 2022 году стаў саўдзельнікам поўнамаштабнага ўзброенага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну і ўсё, на што могуць прэтэндаваць беларускія адказныя асобы, — гэта справядлівы разгляд у рамках працэсу аб прыцягненьні агрэсара і ягоных паплечнікаў да міжнародна-прававой адказнасьці за злачынства агрэсіі супраць Украіны.