Звольнілі мастацкую кіраўніцу Драматычнага тэатру Беларускай арміі

Марына Дударава

З Драматычнага тэатру Беларускай арміі, які знаходзіцца ў падпарадкаваньні Міністэрства абароны краіны, звольнілі мастацкую кіраўніцу Марыну Дудараву.

Пра тое, што Марына Дударава больш не працуе ў тэатры, даведаўся партал «Люстэрка» ад сваіх крыніц.

Дударава яшчэ займала сваю пасаду ў верасьні 2024 году. Але цяпер зьвесткі пра мастацкую кіраўніцу тэатра прыбралі з сайту ўстановы.

Прычына звальненьня невядомая. Магчыма, гэта зьвязана з выхадам на пэнсію — рэжысэрцы 62 гады. Але ці зьяўляецца гэта сапраўднай ці фармальнай падставай, невядома. Яшчэ ў верасьні мастацкую кіраўніцу віншавалі на старонцы тэатру з днём нараджэньня.

Марына Дударава скончыла Менскі інстытут культуры (1991). Працавала артысткай балету Белдзяржфілярмоніі, выкладчыцай, балетмайстрам, балетмайстрам-пастаноўшчыкам сталічнага Моладзевага тэатру. З 2004 году была галоўным рэжысэрам, а з 2013 — мастацкім кіраўніком Драматычнага тэатру Беларускай Арміі.

Дударава — ляўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі. За асабісты ўнёсак ў разьвіцьцё культуры і мастацтва ўзнагароджана мэдалём Францішка Скарыны.

Засталося толькі пяць беларускіх дзяржаўных тэатраў, дзе з 2020 году не зьмянілася кіраўніцтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пры першым беларуская мова стала дзяржаўнай, апошні на ёй не гаворыць. Расказваем пра міністраў культуры незалежнай Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трапілі ў душэўную кампанію прыстойных людзей», — Алег Гарбуз пра прызнаньне «Вольных Купалаўцаў» экстрэмісцкім фармаваньнем»