У Берасьці 16 сьнежня паветра прагрэлася да 10,3 градуса цяпла. Ранейшы максымум пратрымаўся 18 гадоў (9,4 градуса ў горадзе Сянно 16 сьнежня 2006 году). У самім Берасьці быў перакрыты лякальны рэкорд 1950 году (+8,7 градуса). Да таго ж году адносіцца рэкорд, перапісаны ў Пінску (8,9 супраць 8,4).
У Горадні абнавіўся тэмпэратурны рэкорд, які трымаўся 53 гады (плюс 9,6 градуса супраць 8).
Акрамя гэтага, 16 сьнежня новыя тэмпэратурныя рэкорды зафіксавалі яшчэ на 12 беларускіх мэтэастанцыях:
- у Ганцавічах — плюс 9,9 градуса (7,2 у 2006 годзе),
- Высокім — 9,7 градуса (7,6 у 1982-м),
- на «Палескай» у Лунінецкім раёне — 9,7 градуса (7,8 у 2019-м),
- у Івацэвічах — 9,5 градуса (6,8 у 2006-м),
- Пружанах — 9,5 градуса (7,5 у 1971-м),
- Баранавічах — 9 градусаў (6,9 у 2006-м),
- Ваўкавыску — 8,9 градуса (7,1 у 1971-м),
- Лідзе — 8,7 градуса (7,5 у 2006-м),
- Стоўбцах — 7,9 градуса (7,3 у 2006-м),
- Слуцку — 7,6 градуса (7,1 у 2006-м),
- Наваградку — 7,5 градуса (6,6 у 2006-м),
- Мазыры — 7,4 градуса (7,3 у 2006-м).
У двух населеных пунктах — Жыткавічах і Акцябрскім — паўтарыліся рэкорды дня (8,7 і 7,8 градуса адпаведна, абодва зарэгістраваныя ў 2019 годзе).
Вельмі цёплая для гэтай пары году тэмпэратура паветра суправаджалася моцным ветрам, які прывёў да падзеньня дрэваў і парушэньня энэргазабесьпячэньня ў шэрагу раёнаў Берасьцейскай і Горадзенскай абласьцей.
17 сьнежня, паводле прагнозу Белгідрамету, цёплае надвор’е захаваецца. Чакаецца да 9 градусаў вышэй за нуль. Рэкорд дня — 11 градусаў у Берасьці (у 1989 годзе). На асобных мэтэастанцыях могуць быць абноўленыя лякальныя максымумы тэмпэратуры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сыноптыкі абвясьцілі чырвоны ўзровень небясьпекі для Гомельшчыны і аранжавы — па ўсёй Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Моцныя вятры пакінулі 54 населеныя пункты Беларусі без электрычнасьці і павалілі пяць сьвяточных ялінак