Судзьдзя не адмяніў вэрдыкту аб вінаватасьці Трампа ў судзе прысяжных у Нью-Ёрку

Дональд Трамп

Судзьдзя ў Нью-Ёрку адмовіўся адмяніць вэрдыкт суду прысяжных, якія прызналі Дональда Трампа вінаватым у справе аб незаконным расходаваньні сродкаў з выбарчага фонду падчас выбарчай кампаніі 2016 году.

Судзьдзя Хуан Мэрчан адхіліў аргумэнт адвакатаў Трампа, якія настойвалі на тым, што рашэньне Вярхоўнага суду краіны аб тым, што прэзыдэнт ня можа перасьледавацца за дзеяньні, зробленыя ў рамках яго афіцыйных паўнамоцтваў, вызваляе Дональда Трампа ад адказнасьці ў гэтай справе. Прадстаўнікі абвінавачаньня падкрэсьлівалі, што злачынствы, якія ставіліся ў віну Трампу, былі зьдзейснены ім да прэзыдэнцкіх выбараў.

Як падкрэсьліваюць назіральнікі, Дональд Трамп можа аспрэчыць гэтае рашэньне судзьдзі ў судзе вышэйшай інстанцыі, ён можа таксама паспрабаваць дабіцца ануляваньня вэрдыкту прысяжных, зьвярнуўшыся да іншых юрыдычных аргументаў.

Суд прысяжных у Нью-Йорку прызнаў Дональда Трампа вінаватым у траўні сёлета. Яго абвінавачвалі ў фальсыфікацыі справаздачнасьці з мэтай утаіць выплату 130 тысяч даляраў порнаактрысе Стормі Дэніэлс, якая пагражала абвясьціць пра іх інтымную сувязь, за яе маўчаньне. Аднак судзьдзя двойчы адкладаў вынясеньне прысуду ў гэтай справе.

Абвінавачаньне заклікала судзьдзю не выносіць прысуду да заканчэньня прэзыдэнцкага тэрміну Дональда Трампа, які завершыцца ў 2029 годзе. Але ня выключана, як мяркуюць аналітыкі, што судзьдзя абвесьціць прысуд у найбліжэйшы час, вырашыўшы не прысуджаць абранаму прэзыдэнту турэмнае зьняволеньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША экс-прэзыдэнта Трампа прызналі вінаватым у фальсыфікацыі дакумэнтаў. Суд у ліпені абвесьціць вырак