Дэпутаты Бундэстагу прагаласавалі за роспуск ураду Нямеччыны — у краіне неўзабаве пройдуць датэрміновыя выбары, паведамляе DW.
Гэта вотум недаверу канцлеру Оляфу Шольцу.
Агулам у галасаваньні па пытаньні аб даверы ўраду ўзялі ўдзел 733 дэпутаты Бундэстагу. Перад пачаткам галасаваньня канцлер Оляф Шольц і лідэры парлямэнцкіх партый абмяняліся абвінавачаньнямі.
Кіраўнік найбуйнейшай апазыцыйнай фракцыі — кансэрватыўнага блёку ў складзе Хрысьціянска-дэмакратычнага саюзу (ХДС) і Хрысьціянска-сацыяльнага саюзу (ХСС) — Фрыдрых Мэрц абвінаваціў Шольца ў правальнай эканамічнай палітыцы. Цяпер Нямеччына перажывае адзін з самых сур’ёзных эканамічных крызісаў у пасьляваеннай гісторыі, заявіў Мэрц. Паводле ягоных слоў, пасьля сёньняшняга дня Нямеччына адчуе палёгку.
Лідэрка «Альтэрнатывы для Нямеччыны» Аліса Вайдэль заявіла, што пасьля кіраваньня «сьвятлафорнай кааліцыі» немцам «давядзецца несьці асноўны цяжар шкоды яшчэ некалькі дзесяцігодзьдзяў».
Пра намер галасаваць супраць даверу канцлеру таксама заявілі дэпутаты СвДП, якая выйшла з урадавай кааліцыі ў лістападзе, а таксама чальцы Левай партыі і Саюзу Сары Вагенкнехт (ССВ).
Акрамя таго, кіраўніцтва партыі «Саюз-90»/ «зялёныя» — партнэра сацыял-дэмакратаў па кіруючай кааліцыі — заклікала сваіх дэпутатаў не выказваць давер Шольцу і ўстрымацца на галасаваньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Датэрміновыя выбары ў нямецкі Бундэстаг пройдуць 23 лютагаУ выніку 394 дэпутаты (патрабавалася як мінімум 367 галасоў) прагаласавалі за роспуск Бундэстагу і правядзеньне новых выбараў. Яны пройдуць 23 лютага наступнага году.
Адпаведнае рашэньне на працягу трох тыдняў павінен зацьвердзіць прэзыдэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер. Ён таксама можа адмовіцца ад гэтага кроку, пакінуўшы Шольца кіраваць краінай у фармаце ўраду меншасьці, аднак такі вынік, паводле ацэнак палітычных аналітыкаў, малаверагодны.
- Пытаньне даверу канцлеру Нямеччыны ўзьнімалі ўжо пяць разоў у гісторыі. У 1972 годзе Вілі Брант выкарыстоўваў гэты інструмэнт для прызначэньня новых выбараў, пасьля якіх яго партыя дасягнула рэкордных вынікаў. У 2005 годзе Герхард Шродэр аналягічна ініцыяваў выбары, якія прывялі да зьмены ўлады на карысьць Ангелы Мэркель.