Датэрміновыя выбары ў нямецкі Бундэстаг пройдуць 23 лютага 2025 году, паведаміла цэнтральная студыя тэлерадыёкампаніі ARD у Бэрліне.
Паводле яе інфармацыі, фракцыі Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны (СДПН), якая ўваходзіць у кіроўную кааліцыю, і апазыцыйнага партыйнага блёку, у які ўваходзяць «Хрысьціянска-дэмакратычны саюз Нямеччыны» і «Хрысьціянска-сацыяльны саюз у Баварыі» (ХДС/ХСС), дамовіліся пра датэрміновыя парлямэнцкія выбары. Фракцыя «Свабодная дэмакратычная партыя» (СвДП) пагадзілася з гэтай прапановай.
Раней канцлер Нямеччыны Оляф Шольц казаў пра магчымы роспуск Бундэстагу ў сярэдзіне студзеня і выбары ў сакавіку. Пасьля выбараў у Бундэстаг павінны сфармаваць новую ўрадавую кааліцыю, а таксама кабінэт міністраў і абраць новага канцлера. Назіральнікі зыходзяць з таго, што найбольш верагоднай можа быць кааліцыя з СДПН і ХДС/ХСС, а канцлерам стане лідэр ХДС Фрыдрых Мерц.
Мяркуецца, што прэзыдэнт Бундэстагу не апратэстуе прапанову дзьвюх буйных парлямэнцкіх фракцыяў. Канчатковае рашэньне пра тэрміны выбараў будзе прымаць прэзыдэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер, які спачатку павінен будзе афіцыйна распусьціць Бундэстаг.
Для гэтага неабходна, каб Оляф Шольц паставіў у Бундэстагу пытаньне аб даверы канцлеру. Чакаецца, што ён не займее падтрымкі дэпутатаў і прайграе галасаваньне аб даверы. Тым самым будзе вызвалены шлях да новых выбараў. Як мяркуецца, Шольц паставіць на галасаваньне пытаньне аб даверы 16 сьнежня.
Раней канцлер адправіў у адстаўку міністра фінансаў Нямеччыны Крысьціяна Лінднэра, пасьля чаго фактычна датэрмінова распалася ранейшая ўрадавая кааліцыя. Да новых выбараў выканаўчая ўлада будзе ў руках ураду меншасьці, бо трое з чатырох міністраў ад Свабоднай дэмакратычнай партыі пакінулі свае пасады, а адзін пакінуў СвДП.
Лідэр Хрысьціянска-дэмакратычнага саюзу Фрыдрых Мерц адразу ж пасьля развалу кааліцыі запатрабаваў як мага хутчэй паставіць пытаньне аб даверы — ужо ў лістападзе. Аднак Оляф Шольц спадзяецца правесьці ў Бундэстагу праекты некаторых законаў, ужо ўхваленыя ранейшым урадам. Акрамя таго, выбары прадугледжваюць новую расстаноўку сіл унутры партыяў і хаця б мінімальны час на перадвыбарчую кампанію, аргумэнтуе большасьць сацыял-дэмакратаў. Таму канцлер не пагадзіўся з патрабаваньнямі лідэра ХДС.
Форум