Эўразьвяз ухваліў 15-ы пакет санкцый у адносінах да рэжымаў Расеі і Беларусі

Ілюстрацыйная выява

Міністры замежных спраў краін ЭЗ зацьвердзілі 15-ы пакет санкцый супраць Расеі, Беларусі, Кітаю і КНДР.

Пад абмежаваньні трапілі 54 чалавекі і 30 арганізацый з Расеі, Кітаю і КНДР. Як гаворыцца ў паведамленьні Рады ЭЗ, прынятыя меры накіраваныя на барацьбу з абыходам раней прынятых санкцый з дапамогай «ценявога флёту».

Санкцыі Эўразьвязу прадугледжваюць таксама ўключэньне ў санкцыйны сьпіс яшчэ 26 фізычных і дзьвюх юрыдычных асобаў зь Беларусі.

Матывацыя новых санкцыяў — «у сувязі з сытуацыяй у Беларусі і ўдзелам Беларусі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны».

Пад санкцыі падпаў лягістычны апэратар ТАА «ВЛАТЭ Лагістык», які валодае транспартна-лягістычнымі цэнтрамі «Брузгі» і «Бераставіца». Таксама ў сьпісе кампанія «Рузэкспедыцыя», якая «атрымлівае выгаду ад рэжыму і садзейнічае абыходу санкцый ЭЗ, удзельнічаючы ў пастаўках аўтамабіляў, продаж якіх з ЭЗ у Беларусь забаронены».

Сярод фізычных асоб называюцца фінансавы дырэктар Dimicandum Invest Holding LTD Андрэй Сьвірыдаў, саўладальнікі ТАА «ВЛАТЭ Лагістык» Дзьмітрый Замулевіч і Ўладзімір Аркадзьеў, гендырэктар «Беларуськалію» Андрэй Рыбакоў, старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Аляксей Швакаў.

У санкцыйным сьпісе цяпер судзьдзі, адказныя за фабрыкаваньне палітычна матываваных прысудаў:

  • Вера Філонік — судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду;
  • Ірына Прадун — судзьдзя і старшыня суду Рагачоўскага раёну Гомельскай вобласьці;
  • Віталь Сініла — судзьдзя і старшыня суду Мастоўскага раёну Горадзенскай вобласьці;
  • Вадзім Мазоль — судзьдзя суду Пружанскага раёну Берасьцейскай вобласьці;
  • Ніна Шастак — судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду;
  • Ірына Майко — судзьдзя Менскага абласнога суду;
  • Васіль Бягун — судзьдзя Гомельскага абласнога суду;
  • Яўген Брэган — судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду;
  • Аляксандар Мохараў — судзьдзя суду Савецкага раёну Гомля;
  • Алеся Осіпава — судзьдзя суду Цэнтральнага раёну Гомля;
  • Віктар Новік — старшыня суду Жабінкаўскага раёну.


У санкцыйныя сьпісы ўнесеныя асобы, адказныя за катаваньні ў месцах абмежаваньня волі і бесчалавечнае стаўленне да незаконна затрыманых:

  • Вадзім Мурашка — начальнік папраўчай калёніі № 13 у Глыбокім;
  • Сяргей Бярэйшык — супрацоўнік СІЗА № 1;
  • Мікалай Мушкароў — супрацоўнік СІЗА № 1;
  • Сяргей Петраковіч — начальнік папраўчай калёніі № 9 у Горках.

Папярэдні пакет санкцыяў адносна Беларусі Эўразьвяз увёў у чэрвені сёлета. Абмежаваньні адносна Беларусі, уведзеныя ў чэрвені, былі накіраваныя на гандаль, паслугі, транспарт і перадухіленьне абыходу ўжо існуючых санкцый.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз мае намер уключыць у санкцыйны сьпіс яшчэ 26 фізычных асобаў і 2 юрыдычныя асобы зь Беларусі

«Гэта пасылае выразны сыгнал: хто б ні спрыяў працягу гэтай вайны, ён за гэта заплаціць», — заявіла раней прадстаўніца ЭЗ па пытаньнях зьнешніх сувязей і палітыкі бясьпекі, віцэ-прэзыдэнт Эўракамісіі Кая Калас, камэнтуючы прыняцьцё новага пакету санкцый.

У прыватнасьці, адказваючы на пытаньне журналістаў пра магчымасьць адпраўкі эўрапейскіх міратворцаў ва Ўкраіну, Калас растлумачыла, што «перад узьняцьцем гэтага пытаньня неабходна дасягнуць міру, аднак на дадзены момант Крэмль не шукае мірных рашэньняў».

«Спачатку павінен быць мір, каб адправіць міратворцаў. Расея не жадае міру, і гэта вельмі відавочна. Калі вы паглядзіце інтэрвію Лаўрова (Сяргей Лаўроў, кіраўнік МЗС Расеі. — РС), напрыклад, Такеру Карлсану (амэрыканскі журналіст. — РС), — яны (улады РФ. — РС) не адыходзяць ад сваіх мэтаў. Таму мы ня можам гэта абмяркоўваць», — сказала яна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Другі Стратэгічны дыялёг ЗША і беларускага дэмакратычнага руху абмяркоўвае, як наблізіць зьмены ў Беларусі і быць гатовымі да іх

Санкцыі Эўразьвязу адносна Беларусі ў 2022-2023 гадах

На працягу 2022 году Эўразьвяз 6 разоў пашыраў санкцыі адносна Беларусі. Зь іх 5 раўндаў былі зьвязаныя з расейскім уварваньнем ва Ўкраіну і ўдзелам Беларусі ў гэтай агрэсіі.

  • 18 лютага 2022 году пашыраныя фінансавыя санкцыі ў дачыненьні да «Банку разьвіцьця» і «Банку Дабрабыт».
  • 27 лютага 2022 году ў сувязі з вайной Расеі з Украінай адноўлены санкцыйны сьпіс, у які ўключаныя фізычныя і юрыдычныя асобы з Расеі і Беларусі (670 пазыцый).
  • 2 сакавіка 2022 году Эўразьвяз увёў адрасныя абмежавальныя меры ў дачыненьні да 22 высокапастаўленых беларускіх вайскоўцаў. Акрамя таго, уведзеныя абмежаваньні на гандаль беларускімі таварамі, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасьці тытунёвых вырабаў, мінэральнага паліва, бітумных рэчываў і газападобных вуглевадародных прадуктаў, калійных прадуктаў, вырабаў з драўніны, цэмэнту, жалеза і сталі, гумовых вырабаў.
  • 9 сакавіка 2022 году Эўразьвяз увёў новыя санкцыі адносна фінансавага сэктару Беларусі, у прыватнасьці, адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
  • 8 красавіка 2022 году для беларускіх аўтаперавозчыкаў была ўведзеная забарона на перавозку грузаў аўтамабільным транспартам па тэрыторыі ЭЗ, у тым ліку транзытам.
  • 2 чэрвеня 2022 году быў зацьверджаны пакет санкцый, які прадугледжваў адключэньне беларускага банку «Белінвэстбанк» ад міжнароднай плацёжнай сыстэмы SWIFT. Таксама ў пакет санкцый ЭЗ увайшлі абмежаваньні супраць 12 грамадзян Беларусі і 8 прадпрыемстваў, сярод якіх «Беларуськалій» і яго трэйдэр Беларуская калійная кампанія, НПЗ «Нафтан», Горадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман», «Інтэр Табака», вытворца камунальнай аўтатэхнікі «Белкамунмаш», лягістычны апэратар «Белмытсэрвіс» і Белтэлерадыёкампанія.

На працягу 2023 году Эўразьвяз 2 разы пашыраў санкцыі адносна Беларусі.

  • 3 жніўня 2023 году Эўразьвяз увёў новы пакет санкцыяў адносна Беларусі, у якія 38 фізычных асобаў і 3 прадпрыемствы: ААТ «Менскі электратэхнічны завод», ААТ «БМЗ — кіроўная кампанія холдынгу „БМК“» і Белнафтахім.
  • 18 сьнежня 2023 году Эўразьвяз уключыў у санкцыйны сьпіс 12 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў.
  • Шэраг краін ЭЗ на працягу 2022-2023 гадоў прымалі свае сувэрэнныя санкцыі адносна Беларусі — больш жорсткія, чым агульныя санкцыі Зьвязу.