Журналіст Wall Street Journal Эван Гершковіч, асуджаны ў Расеі на 16 гадоў калёніі за шпіянаж і вызвалены ў выніку абмену ў жніўні 2024 году, апублікаваў сваё першае расьсьледаваньне пасьля вяртаньня ў ЗША, піша Руская служба ВВС.
Расьсьледаваньне прысьвечанае дэпартамэнту контрвыведных апэрацый ФСБ Расеі, які, як піша WSJ, стаіць за справай Гершковіча і іншых фігурантаў спраў аб шпіянажы ў Расеі.
Гершковіч быў арыштаваны падчас камандзіроўкі на Ўрал у 2023 годзе, а ў ліпені 2024-га асуджаны да 16 гадоў калёніі па абвінавачаньні ў шпіянажы. Гэта стала першым выпадкам асуджэньня ў Расеі за шпіянаж замежнага журналіста.
Расейскія ўлады 1 жніўня абмянялі яго і яшчэ 15 асуджаных замежнікаў і расейскіх апазыцыянэраў на восем грамадзян Расеі. Сярод іх быў і былы супрацоўнік ФСБ, асуджаны ў Нямеччыне за забойства былога чачэнскага палявога камандзіра.
Пра дэпартамэнт контрвыведных апэрацый ФСБ Расеі амаль нічога не было вядома раней, пішуць Гершковіч і двое яго суаўтараў у расьсьледаваньні. Яны называюць дэпартамэнт «ценявой элітай шпіянажу». Менавіта гэты дэпартамэнт, на іх думку, стварае ў Расеі атмасфэру палітычнага перасьледу, якую спэцдакладчык ААН па правах чалавека назваў «беспрэцэдэнтнай у найноўшай гісторыі».
У дэпартамэнце контрвыведных апэрацый ФСБ, паводле інфармацыі WSJ, працуе каля 2000 чалавек, яны атрымліваюць высокія нават па мерках ФСБ заробкі (выданьне не называе канкрэтныя сумы). Апошнім часам штат дэпартамэнту павялічыўся ў двая — пра гэта Гершковічу расказалі сьледчыя на допытах, піша WSJ.
У расьследаваньні гаворыцца, што Дэпартамэнт валодае вялікімі паўнамоцтвамі, ён можа прыцягваць да сваіх спэцапэрацыяў супрацоўнікаў зь іншых падразьдзяленьняў ФСБ і атрымліваць любое неабходнае прыкрыцьцё.
Паводле расьсьледаваньня, Дэпартамэнт контрвыведных апэрацый ФСБ дзейнічае і ва Ўкраіне, ягоныя агенты арганізуюць выбухі на чыгунках і зьбіраюць зьвесткі пра высокапастаўленых чыноўнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Захад і Расея абмяняліся вязьнямі. Сярод іх — журналістка Радыё Свабода Алсу Курмашава