У дачыненьні да Вадзіма Пракоп’ева, Сяргея Бяспалава і 8 байцоў палку Каліноўскага распачатыя завочныя судовыя працэсы

Вадзім Пракоп'еў

Сьледчы камітэт пачаў спэцыяльную вытворчасць у дачыненьні да дзевяці чалавек. Сярод іх — бізнэсовец Вадзім Пракоп’еў, якога ўжо двойчы судзілі завочна.

Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтар Вясна.

На гэты раз Пракоп’ева абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў:

  • стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня (ч. 2 арт. 361-1 КК),
  • удзел ва ўзброеным фармаваньні на тэрыторыі замежнай дзяржавы, вярбоўка і падрыхтоўка асобаў для такога ўдзелу (ч.2 арт. 361-3 КК),
  • садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці (ч. 1 і 2. арт. 361-4 КК),
  • праходжаньне навучаньня або іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасьці (арт. 361-5 КК).

Таксама распачатая спэцвытворчасьць у дачыненьні да Аляксея Манчынскага, Рамана Яроменкі, Паўла Кахновіча, Ціхана Клюкача, Яўгена Каранкевіча, Аляксандра Пятроўскага, Яўгена Салохіна, Ягора Іспенькова.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракоп'еву другі раз завочна прысудзілі 25 год зьняволеньня

Інфармацыйнае агенцтва «Позірк» са спасылкай на Сьледчы камітэт паведамляе аб пачатку спэцыяльнай вытворчасьці ў дачыненьні да блогера Сяргея Бяспалава.

32-гадовы Бяспалаў абвінавачваецца паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Бяспалаў — былы баец палку Каліноўскага, чалец Каардынацыйнай рады, быў абраны туды ад спісу «Незалежныя беларусы» на чале з Максімам Шабуцкім.