Дата дня
13 сьнежня 1907 году нарадзіўся Мікалай Лапіцкі, беларускі царкоўны дзяяч, настаяцель першай беларускай царквы на эміграцыі.
Лапіцкі скончыў духоўную сэмінарыю ў Вільні i факультэт праваслаўнага багаслоўя Варшаўскага ўнівэрсытэту. У ліпені 1934 году быў рукапакладзены ў сан сьвятара. Меў прыходы ў Ашмянах, у вёсцы Сьцяфанпольле на Дзісеншчыне, у Менску. Служыў па-беларуску.
На эміграцыі выступіў супраць уваходу беларускіх япіскапаў у склад Расейскай замежнай царквы. Пасьля пераезду ў ЗША — настаяцель прыходу сьв. Эўфрасіньні Полацкай у Саўт-Рывэры, штат Нью-Джэрзі. Стварыў пры царкве школу беларусазнаўства, выдаваў часопіс «Царкоўны Сьветач».
Цягам некалькіх гадоў у дзень абвяшчэньня незалежнасьці БНР чытаў у Кангрэсе ЗША прысьвечаную гэтай падзеі малітву.
Дзень у гісторыі
1620 — Ворша атрымала герб: у блакітным полі залаты паўмесяц, паміж рагамі якога срэбны крыж.
1919 — Пётра Крачэўскі абраны старшынём Рады БНР. Ён выконваў гэтую місію да канца жыцьця, якое закончылася ў 1928 годзе на эміграцыі ў Празе.
1920 — другі Ўсебеларускі зьезьд Саветаў прыняў дапаўненьні да Канстытуцыі БССР і ратыфікаваў Рыскую мірную дамову паміж Савецкай Расеяй і Польшчай. Зьезд выказаўся за перавод усіх дзяржаўных установаў на беларускую мову.
1937 — войскі Японіі захапілі кітайскі горад Нанкін. Пачалася Нанкінская разьня, якая доўжылася 6 тыдняў і ў выніку якой былі забітыя, паводле розных зьвестак, ад 150 да 300 тысячаў чалавек.
1981 — генэрал Войцех Ярузэльскі абвясьціў у Польшчы ваеннае становішча.
2003 — вайскоўцы ЗША знайшлі ў схованцы і арыштавалі былога ірацкага прэзыдэнта Садама Хусэйна.
У гэты дзень нарадзіліся
1553 — Анры IV Вялікі, першы кароль Францыі з дынастыі Бурбонаў.
1797 — Гайнрых Гайнэ, нямецкі паэт.
1874 — Арнольд Шэнбэрг, аўстрыйскі кампазытар-мадэрніст.
1894 — Юльян Тувім, польскі паэт.
1919 — Валяр’яна Жолтак, мастачка, заслужаная дзяячка мастацтва Беларусі.
1941 — Мікола Маляўка, беларускі паэт.
У памяці
1944 — Васіль Кандзінскі, расейскі мастак, адзін з заснавальнікаў абстракцыянізму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ужо сёньня: Дзень нараджэньня Пётры Крачэўскага