Аўстрыйская кампанія OMV разарвала кантракт з расейскім «Газпромам»

Заправачная станцыя OMV

Кантракт на пастаўку газу, заключаны ў 2006 годзе і разьлічаны да 2040 году, скасаваны праз «шматлікія істотныя парушэньні дагаворных абавязаньняў з боку „Газпром Экспарт“», растлумачылі ў аўстрыйскай кампаніі, дадаўшы, што скасаваньне ўступае ў сілу неадкладна.

Як падкрэсьлілі ў OMV, усе патэнцыйныя рызыкі з-за спыненьня паставак «Газпрома» «былі поўнасьцю дывэрсыфікаваныя за кошт альтэрнатыўных крыніц газу за апошнія тры гады». Канцэрн паведамляў у лістападзе, што забясьпечыў сабе пастаўкі трубаправоднага газу з Нарвэгіі і закантрактаваў дадатковыя доўгатэрміновыя аб’ёмы звадкаванага газу, піша Deutsche Welle.

Адначасова аўстрыйскае прадпрыемства забранявала транзытныя магутнасьці ў Нямеччыны і Італіі для транспартаваньня ў краіну рэгазіфікаванага звадкаванага прыроднага газу з марскіх тэрміналаў у гэтых краінах.

OMV не атрымлівае газ «Газпрома» зь сярэдзіны лістапада, прычынай стала спрэчка паміж бакамі. У лістападзе арбітражны суд прысудзіў аўстрыйскай кампаніі кампэнсацыю ў памеры 230 млн эўра празь нерэгулярныя пастаўкі газу «Газпром Экспартам» у Нямеччыну, якія спыніліся ў верасьні 2022 году.

OMV заявіла, што кампэнсуе гэтую суму за кошт плацяжоў за экспарт газу ў Аўстрыю. Расейскі бок палічыў гэта нявыплатай за пастаўкі газу і спыніў іх.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі «Газпром» спыніў пастаўкі газу ў Аўстрыю
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Найбуйнейшы газавы імпартэр Нямеччыны Uniper разарваў кантракты з «Газпромом» і падаў на яго ў суд