«Арэшнік» у Беларусі: яшчэ больш залежнасьці, яшчэ менш суверэнітэту

Мясцовыя жыхары непадалёк ад месца ўдару расейскай ракеты «Арэшнік», Дніпро, Украіна, 21 лістапада 2024

Разьмяшчэньне ракет «Арэшнік» на тэрыторыі Беларусі паглыбляе вайсковую і палітычную залежнасьць краіны ад Расеі.

Сьцісла

  • Паводле заяваў Лукашэнкі і Генштабу Беларусі, разьмяшчэньне ў краіне ракет «Арэшнік» — адказ на пляны ЗША разьмясьціць у 2026 годзе ў Нямеччыне ракеты сярэдняй далёкасьці.
  • Гэтае стратэгічнае дужаньне паміж Расеяй і NATO паказвае, што Беларусь — нават ня пешка, а клетка на сусьветнай «шахматнай дошцы».
  • Згода на разьмяшчэньне «Арэшнікаў» у Беларусі адпавядае наратыву Лукашэнкі наконт «прыкрыцьця сьпіны Расеі» і ўстрыманьня ад прамога ўдзелу беларускага войска ў вайне.
  • Выдаткі Беларусі на абарону, заплянаваныя ў бюджэце на 2025 год, ня сьведчаць аб падрыхтоўцы да прамога ўдзелу ў вайне.

Ракетны комплекс «Арэшнік» будзе разьмешчаны ў Беларусі ў адказ на пляны ЗША разьмясьціць у Нямеччыне ракеты сярэдняй далёкасьці. Пра гэта 7 сьнежня паведаміў намесьнік начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Беларусі Сяргей Лагадзюк.

Падобнае ж тлумачэньне прывёў 10 сьнежня і Аляксандар Лукашэнка, выступаючы перад супрацоўнікамі барысаўскага заводу «Пажснаб». «Амэрыканцы заўтра зь немцамі, яны пра гэта заявілі, будуць на ўзбраеньне ў Эўропе ставіць такую зброю — сярэдняй далёкасьці. Гэта не „Арэшнік“, але сярэдняй далёкасьці. Мы ў адказ гэта робім», — заявіў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка расказаў, дзе ён хоча ў Беларусі разьмясьціць «Арэшнік» і што зь ім рабіць

6 сьнежня, адразу пасьля пасяджэньня дзяржсавету саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, Лукашэнка тлумачыў патрэбу Беларусі ў «Арэшніку» іншым — канцэнтрацыяй войскаў на межах зь Беларусьсю ў Літве і Польшчы і істотным ростам польскіх вайсковых выдаткаў.

Варта адзначыць, што не існуе ніякіх плянаў разьмясьціць амэрыканскія ракеты сярэдняй далёкасьці ў краінах NATO, якія мяжуюць зь Беларусьсю.

Тлумачэньне, дадзенае Лукашэнкам 6 сьнежня, хоць неяк прывязвала плян разьмясьціць у Беларусі «Арэшнікі» да патрэбаў яе прамой бясьпекі, няхай і вельмі своеасабліва ўсьвядомленых. Але трактоўка, агучаная і Лагадзюком, і Лукашэнкам учора, паказвае, што гэта крамлёўская гульня на сусьветнай «шахматнай дошцы».

Аб плянах разьмясьціць у Нямеччыне амэрыканскія ракеты сярэдняй далёкасьці было абвешчана падчас вашынгтонскага саміту NATO ў ліпені сёлета. Тэрмін рэалізацыі гэтых плянаў — 2026 год.

Напэўна, гэтым няблізкім тэрмінам тлумачыцца і тое, што Ўладзімір Пуцін паабяцаў разьмясьціць у Беларусі «Арэшнік» ня ў хуткім часе, а ў другой палове наступнага году. Такі працяглы тэрмін рэалізацыі дае магчымасьць патаргавацца: Масква прапануе NATO ўзважыць, пры якім варыянце Эўропа будзе ў большай бясьпецы — з ракетамі сярэдняй далёкасьці ў Нямеччыне і «Арэшнікамі» ў Беларусі, ці калі адпаведных ракетаў ня будзе ні там, ні там.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь падпісала з Расеяй пагадненьне аб гарантыях бясьпекі, а Пуцін паабяцаў разьмясьціць у Беларусі «Орешник»

І ў гэтых стратэгічных «шахматах» Беларусь — нават ня пешка, а ўсяго толькі клетка на дошцы. І крамлёўскі гулец паказвае гульцу вашынгтонскаму пагрозу заняць гэтую клетку сваёй фігурай.

З улікам гэтага выглядаюць даволі недарэчнымі ўмовы, якімі Лукашэнка суправадзіў сваю прапанову разьмясьціць у Беларусі «Арэшнікі» — каб цэлі вызначаў беларускі бок. З пункту гледжаньня піяру, дэманстрацыі сваёй значнасьці гэты «ўльтыматум» Лукашэнкі быў крокам цалкам дарэчным. І адказам на яго стала рахманая «згода» Пуціна.

Лукашэнка падыграў Пуціну, выдаючы згоду на разьмяшчэньне «Арэшнікаў» за ўласную прапанову. А Пуцін падыграў Лукашэнку, даючы апошняму магчымасьць стварыць уражаньне, што і ягоны палец будзе на «чырвонай кнопцы» расейскай стратэгічнай зброі.

Напярэдадні пасяджэньня дзяржсавету саюзнай дзяржавы ў Менску выказваліся асьцярогі, што на ім будзе прынятае рашэньне аб уступленьні Беларусі ў вайну сваім войскам. Дарэчы, падчас пасяджэньня была падпісаная дамова аб узаемных гарантыях бясьпекі Беларусі і Расеі. Дакумэнт не абнародаваны. Але, паводле зьвестак ініцыятывы колішніх супрацоўнікаў беларускіх сілавых структураў BelPol, дамова прадугледжвае, што яе ўдзельнікі маюць дапамагаць адзін аднаму ўсімі сродкамі ў выпадку «пагрозы сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасьці, зьнешняй мяжы Саюзнай дзяржавы і (або) канстытуцыйнаму ладу РФ і РБ з боку трэціх дзяржаў, іх аб’яднаньняў, тэрарыстычных і экстрэмісцкіх арганізацый і груп».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: BelPol пра дамову аб гарантыях бясьпекі: Магчымасьць новых базаў і фармальныя ўмовы для ўцягваньня беларускіх войскаў у вайну

Наступствам падобнай дамовы паміж РФ і КНДР стаў удзел паўночнакарэйскіх вайскоўцаў у вайне Расеі з Украінай. Але варта адзначыць, што магчымасьць і нават абавязак дапамагаць адзін аднаму, у тым ліку і збройна, прадугледжваюць і дамова аб саюзнай дзяржаве, і дамова аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ). Але значэньне маюць не юрыдычныя формулы, а палітычныя рашэньні. Вельмі хацела б Масква з вайсковых ці палітычных меркаваньняў, каб беларусы ваявалі, — дык і ваявалі б і без дамовы аб узаемных гарантыях бясьпекі. А ня будзе ў яе на гэта вялікага жаданьня — дык ня будуць ваяваць і з дамовай.

І сюжэт з разьмяшчэньнем у Беларусі «Арэшнікаў» тлумачыць, чаму, хутчэй за ўсё, ня будуць ваяваць і з дамовай. Наратыў Лукашэнкі адносна вайны — Беларусь «прыкрывае сьпіну Расеі», забясьпечвае абарону саюзнай дзяржавы на зьнешнім пэрымэтры, на межах з краінамі NATO. І гэтым, паводле яго, роля Беларусі ў вайне і абмяжоўваецца.

Разьмяшчэньне ў Беларусі «Арэшнікаў» насамрэч адпавядае гэтаму наратыву «прыкрываньня сьпіны Расеі» і падмацоўвае яго. Ня тое каб гэта цалкам выключала ўдзел беларускага войска ў вайне. Але не зусім яму адпавядае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча рэзка павялічыла выдаткі на абарону

Не адпавядаюць яму і лічбы выдаткаў на нацыянальную абарону, закладзеныя ў беларускім бюджэце на 2025 год. У параўнаньні з 2024 годам прадугледжаны рост гэтых выдаткаў амаль на траціну, аднак доля вайсковых выдаткаў адносна ўсіх выдаткаў бюджэту ў Беларусі складзе 9% (у бюджэце на 2024 год — 7,9%).

Для параўнаньня: у Польшчы ў 2025 годзе абарончыя выдаткі складуць 20% ад усіх бюджэтных выдаткаў (у 2024 — 13%), у Расеі — 32,5% (у 2024 — 29,4%).

Расея мае бюджэт краіны, якая ваюе. Польшча мае бюджэт краіны, якая асьцерагаецца нападу. У Варшаве лічаць, што Расея можа не спыніцца ва Ўкраіне, а пайсьці ў сваёй ваеннай экспансіі далей.

Лукашэнка 6 сьнежня, гаворачы пра пагрозу з боку Польшчы, спытаў: «Калі яны жадаюць у міры з намі жыць, як яны заяўляюць, навошта тады марнаваць мільярды даляраў на ўзбраеньне?». Адказ відавочны. Таму што ёсьць Расея, якая «марнуе на ўзбраеньне» яшчэ больш мільярдаў, якая ваюе і ў значнай ступені кантралюе суседнюю з Польшчай Беларусь.

Але параўнаньне бюджэтных абарончых выдаткаў трох краінаў паказвае, што Беларусь у любым выпадку не рыхтуецца да вайны. І ў пэўнай ступені наратывам «прыкрываньня сьпіны Расеі» Лукашэнка прыкрывае ўласную сьпіну ад прамога ўцягваньня Беларусі ў вайну.

Хаця ўсё мае сваю цану. І шчодры дазвол на разьмяшчэньне «Арэшнікаў» яшчэ глыбей уцягвае Беларусь у расейскую ваенную машыну, паглыбляе вайсковую і палітычную залежнасьць ад Расеі.