Яшчэ два патэнцыйныя кандыдаты на выбарах здалі ў ЦВК подпісы і дакумэнты на рэгістрацыю

Ілюстрацыйнае фота

З 22 па 31 сьнежня пройдзе рэгістрацыя кандыдатаў у прэзыдэнты, з 1 па 25 студзеня 2025 году — перадвыбарная агітацыя. Асноўны дзень галасаваньня прызначаны на 26 студзеня 2025 году. Выбары ў Беларусі пры Лукашэнку носяць несвабодны і недэмакратычны характар.

Старшыня праўладнай Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч трэцім зь пяці прэтэндэнтаў перадаў дакумэнты для рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты, паведамляе Цэнтральная выбарчая камісія (ЦВК).

Перад Гайдукевічам неабходныя паперы ў ЦВК занёс кіраўнік Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці Аляксандар Хіжняк. Напярэдадні гэта зрабіў лідэр Камуністычнай партыі Беларусі Сяргей Сыранкоў.

Пра падачу дакумэнтаў для рэгістрацыі Аляксандра Лукашэнкі, а таксама былой актывісткі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дэпутата Палаты прадстаўнікоў у 2016–2019 гадах, кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году Ганны Канапацкай пакуль не паведамлялася.

Паводле інфармацыі Цэнтравыбаркаму, астатнія прэтэндэнты на прэзыдэнцкае крэсла могуць падаць дакумэнты не пазьней за 21 сьнежня — «як самастойна, так і на падставе даверанасьці праз сваіх прадстаўнікоў».

Рашэньне аб рэгістрацыі кандыдата будзе прымацца пры наяўнасьці шэрагу неабходных дакумэнтаў, а таксама пратаколаў абласных і Менскай гарадзкой выбарчых камісій, якія пацьвярджаюць наяўнасьць ня менш як 100 тыс. подпісаў выбаршчыкаў, сабраных за вылучэньне.

  • З 22 па 31 сьнежня пройдзе рэгістрацыя кандыдатаў у прэзыдэнты, з 1 па 25 студзеня 2025 году — перадвыбарная агітацыя. Асноўны дзень галасаваньня прызначаны на 26 студзеня 2025 году.
  • З 1996 году ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі незалежныя назіральнікі не прызнавалі празрыстай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.
  • Працэс падрыхтоўкі да сёмых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, прызначаных на 26 студзеня 2025 году, праходзіць пад кантролем уладаў, палітычнае поле краіны зачышчанае ад актыўных апанэнтаў Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусь пасьля 26 студзеня». Што значыць быць беларусам? Тлумачыць сацыёляг Вардамацкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сказаць «угу», паставіць подпіс — і жыць далей. Як дзяржава выкарыстоўвае дзяцей і моладзь у выбарчай кампаніі