Назвалі ляўрэатаў прэміі беларускай праваабарончай супольнасьці-2024

У Міжнародны дзень правоў чалавека, 10 сьнежня, у Вільні назвалі пераможцаў Прэміі беларускай праваабарончай супольнасьці за 2024 год. Прэміяй адзначаныя людзі, якія зрабілі найбольшы ўнёсак у абарону правоў беларусаў летась.

Пераможцай у намінацыі «Праваабаронца году-2024» стала Наста Базар, фэм- і квір-актывістка, трэнэрка, сьпікерка, паведамляе БАЖ. Яна падтрымлівае жанчын у сытуацыях хатняга і сэксуалізаванага гвалту. Пасьля сьмерці згвалтаванай у Варшаве беларускі Лізаветы ў лютым 2024 году Наста Базар ініцыявала ў сацсетках акцыю з хэштэгам #хопіцьгвалціць, пад якім людзі дзяліліся гісторыямі і развагамі пра сэксуальны гвалт. Гэты хэштэг стаў беларускім аналягам #metoo.

Наста Базар

У намінацыі «Журналіст году-2024» сёлета два пераможцы: галоўны рэдактар мэдыя Reform.news Фёдар Паўлючэнка і журналістка і праваабаронца «Вясны» Дзіяна Пінчук.

Reform.news — каманда журналістаў, якія больш за 5 гадоў прафэсійна расказваюць пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. У 2024 годзе Фёдар Паўлючэнка з камандай зладзілі журналісцкае расьсьледаваньне пра нямецкага «Цыбульнага караля» і эксплюатацыю ім беларускіх палітвязьняў.

Фёдар Паўлючэнка

Дзіяна Пінчук — з 2018 году журналістка і праваабаронца «Вясны». Асьвятляе на сайце і ў сацсетках «Вясны» рэпрэсіі ў Беларусі, палітычныя судовыя працэсы, гісторыі палітвязьняў і катаваньняў, дзейнасьць праваабаронцаў. Вясной 2021 году праз палітычны перасьлед пакінула Беларусь, каб працягнуць праваабарончую дзейнасьць. Дзіяна рыхтуе матэрыялы ў межах кампаніяў «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня» і «Праваабаронцы за свабодныя выбары». Таксама Дзіяна Пінчук — ініцыятарка Дня беларускіх палітвязьняў.

Дзіяна Пінчук

У намінацыі «Праваабарончая кампанія/ініцыятыва году» перамог Дабрачынны фонд BySol, які ладзіць зборы для пацярпелых ад палітычнага перасьледу, дапамагае з экстранным выездам зь Беларусі, падтрымлівае вызваленых палітвязьняў, беларускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне, а таксама падтрымлівае інстытуцыйнае разьвіцьцё беларускай грамадзянскай супольнасьці.

Ляўрэатам у намінацыі «Праваабарончая салідарнасьць» стаў журналіст Ігар Ільяш, журналіст і муж палітзьняволенай журналісткі «Белсату» Кацярыны Андрэевай, якая знаходзіцца ў зьняволеньні з 2020 году.

Ігар Ільяш прынцыпова заставаўся ў Беларусі, каб дапамагаць сваёй палітзьняволенай жонцы. Яго затрымалі ў кастрычніку 2024 году. Праваабаронцы прызналі Ігара палітвязьнем.

Ігар Ільяш

Прэмія чацьвёрты раз уручаецца не ў Беларусі. Сёлета для кожнай з чатырох намінацыяў прапанавалі самую вялікую колькасьць асобаў і ініцыятываў, адзначае праваабарончы цэнтар «Вясна».

  • Цяперашняя Прэмія праваабарончай супольнасьці Беларусі стала ўжо пятнаццатай па ліку. У 2008 годзе яе заснаваў «Праваабарончы альянс», з 2011 году прэмія прадстаўляе інтарэсы і погляд усёй беларускай праваабарончай супольнасьці.
  • Намінантаў на прэмію прапануюць арганізацыі, якія далучыліся да Прынцыпаў дзейнасьці праваабаронцаў Беларусі і чыя дзейнасьць адпавядае вызначэньню паняцьця «праваабаронца», а таксама ляўрэаты прэміі мінулых гадоў.
  • На намінацыю «Праваабаронца году» вылучаецца асоба, чые дзеяньні за мінулы і папярэднія гады найбольш яскрава, выразна, эфэктыўна спрыялі прасоўваньню і/ці абароне правоў чалавека ў Беларусі.
  • На намінацыю «Журналіст году» вылучаецца журналіст або блогер, які цягам мінулага году найбольш актыўна і яскрава асьвятляў пытаньні правоў чалавека ў Беларусі альбо чые публікацыі, ТВ- ці радыёпраграмы мелі найвялікшы грамадзкі рэзананс альбо ўплыў на вырашэньне праблем у галіне правоў чалавека і фундамэнтальных свабодаў у Беларусі.
  • На намінацыю «Праваабарончая кампанія (ініцыятыва) году» вылучаецца грамадзкая кампанія ці ініцыятыва, якая на працягу мінулага году мела значны ўплыў на вырашэньне той ці іншай праваабарончай праблемы, прыцягнула ўвагу грамадзтва да праблемы, а таксама спрыяла кансалідацыі праваабарончай супольнасьці праз супольныя дзеяньні.
  • На намінацыю «Праваабарончая салідарнасьць» вылучаецца асоба, якая пацярпела ад рэпрэсіяў і ціску сёлета і/ці ў папярэднія гады за сваю дзейнасьць па прасоўваньні і/ці абароне правоў чалавека ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». «Гвалт выехаў разам з намі на эміграцыю», — аўтарка справаздачы пра харасмэнт
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хопіць гвалтаваць». Беларускі і беларусы дзеляцца гісторыямі і развагамі пра сэксуальны гвалт