У ЭГУ прызначылі новага рэктара

Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт

Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт паведаміў аб прызначэньні новага рэктара.

Ім стаў доктар Вілюс Шадаўскас, ён будзе займаць пасаду рэктара наступныя пяць гадоў. Афіцыйна прыступіць да выкананьня абавязкаў рэктара 6 студзеня 2025 году.

«Доктар Шадаўскас, выбраны праз канкурэнтны працэс з удзелам трынаццаці кандыдатаў зь пяці краін, прыўносіць у ЭГУ вялікі досьвед і моцнае лідэрства», — адзначае ЭГУ.

Кіраўнічыя органы ўнівэрсытэта выбралі доктара Шадаўскаса за яго выключныя кваліфікацыі, у тым ліку за ўзорную працу ў якасьці выканаўцы абавязкаў рэктара, яго далёкае бачаньне будучыні ЭГУ і непахісную адданасьць установе і сфэры адукацыі, дадаў унівэрсытэт на сваёй старонцы.

ЭГУ заснаваны ў Менску ў 1992 годзе, з 2004 году працуе ў Вільні, бо ў Беларусі ва ўстановы забралі ліцэнзію.

Папярэдні рэктар Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Кшыштаф Рыбіньскі паведаміў пра сваё рашэньне пакінуць пасаду ў лютым 2024 году. Кшыштаф Рыбіньскі ў мінулым — віцэ-прэзыдэнт Нацыянальнага банку Польшчы, а таксама рэктар ВНУ ў Польшчы і Казахстане. Да выкананьня абавязкаў рэктара ЭГУ ён прыступіў у красавіку 2023 году.

  • У ЭГУ вучыцца каля 1500 студэнтаў, працуе больш за 100 выкладчыкаў.
  • Большасьць студэнтаў (каля 80 працэнтаў) — беларусы.
  • Сярод выкладчыкаў таксама шмат беларусаў.
  • Апошнім часам ва ўнівэрсытэт паступіла шмат уцекачоў з Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЭГУ адкрылі «першы беларускі гістфак за мяжой». Ці дапаможа гэта беларусізаваць унівэрсытэт
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэктар Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту заявіў аб сыходзе з пасады