«Маю намер заставацца ў Беларусі». На волю выйшла былая галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына

Ірына Леўшына, архіўнае фота

7 сьнежня на волю выйшла былая дырэктарка і галоўная рэдактарка інфармацыйнага агенцтва БелаПАН палітзьняволеная Ірына Леўшына, вынікае з інфармацыі на прысьвечанай ёй старонцы сайта праваабарончага цэнтру «Вясна», заўважыла выданьне «Позірк». Леўшына цалкам адбыла тэрмін зьняволеньня.

«Прывітаньне ўсім сябрам! 7 сьнежня я шчасна пакінула ПК-4, адбыўшы за кратамі 3 гады 3 месяцы і 3 тыдні. Паколькі я маю намер заставацца ў Беларусі, усялякія камэнтары з майго боку, як вы разумееце, немагчымыя.

Скажу толькі, што са здароўем усё ў парадку, з настроем — таксама. Абвыкаю да волі, да шчасьця быць побач з роднымі, да звычайнага жыцьця. Дзякуй усім, хто хваляваўся за мяне ўвесь гэты час, я адчувала вашу падтрымку на адлегласьці:)», — пазьней напісала Ірына Леўшына ў сваім Фэйсбуку.

Беларуская асацыяцыя журналістаў выключыла Леўшыну са сьпісу калегаў-палітвязьняў.

Кіраўніцу БелаПАН Ірыну Леўшыну і яе папярэдніка на пасадзе дырэктара Дзьмітрыя Наважылава затрымалі 18 жніўня 2021 году.

6 кастрычніка 2022 году Леўшына, Наважылаў, а таксама былы намесьнік дырэктара БелаПАН Андрэй Аляксандраў і ягоная жонка Ірына Злобіна, якія ўтрымліваліся ў няволі з 12 студзеня 2021 году, рашэньнем Менскага абласнога суду былі асуджаныя на розныя тэрміны турэмнага зьняволеньня.

Ірына Леўшына атрымала 4 гады пазбаўленьня волі па абвінавачаньні ў стварэньні «экстрэмісцкага фармаваньня», якім улады палічылі частку супрацоўнікаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, створанай у лістападзе 1991 году (ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу).

У апошнім слове перад вынясеньнем прысуду Леўшына заявіла:

«Рэдакцыю, у якой я прапрацавала амаль 30 гадоў, спрабуюць выставіць экстрэмісцкім фармаваньнем, а мяне — яго стваральнікам і кіраўніком. Гэта поўнае трызьненьне, але гэта ня дзіўна. За апошнія паўтара года ў Беларусі зьнішчаныя дзясяткі сродкаў масавай інфармацыі, сотні журналістаў пазбавіліся працы або вымушаныя былі зьехаць з краіны, баючыся крымінальнага перасьледу.

Зачысткі на інфармацыйным полі беспрэцэдэнтныя і неймаверныя для цывілізаванай дзяржавы ў XXI стагодзьдзі. Нехта відавочна пераблытаў прычынна-выніковыя сувязі, вырашыўшы зрабіць журналістаў адказнымі за падзеі, якія адбыліся ў нашай краіне ў 20-м годзе. Вось толькі мы ні да чога не заклікалі, мы нічога не скажалі і не выдумлялі — рэальнасьць была круцейшая за любую выдумку».

6 студзеня 2023 году Вярхоўны суд, які разглядаў апэляцыю Леўшынай, пакінуў прысуд у сіле.

Галоўная рэдактарка БелаПАН адбывала тэрмін у гомельскай жаночай калёніі, працавала ў швейным цэху.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 32 за кратамі, 33 прызналі «экстрэмістамі», а 12 — «тэрарыстамі». Лічбы пра перасьлед беларускіх журналістаў у 2023 годзе
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Перакладалі на беларускую мову турэмны жаргон». Сукамэрнік расказаў пра палітвязьня, экс-дырэктара БелаПАН Дзьмітрыя Наважылава
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: журналіст Аляксандраў у калёніі працуе на дрэваапрацоўцы, у Фядуты абвастрыліся праблемы з сэрцам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты