У грамадзяніна Румыніі Багдана Пешчыра, вядомага як «кароль TikTok», які, імаверна, ахвяраваў вялікія сумы грошай на кампанію прарасейскага ўльтраправага кандыдата ў прэзыдэнты Кэліна Джаржэску, у часе вобшукаў сканфіскавалі з рахункаў крыптавалюту на сем мільёнаў даляраў.
Як паведаміла Румынская служба Радыё Свабода, вобшукі адбыліся 7 сьнежня. Праваахоўныя органы таксама забралі некалькі прыладаў, кампутараў і іншых носьбітаў інфармацыі. Па папярэднюю меру стрыманьня для яго ў суд не зьвярталіся.
У пракуратуры паведамілі, што расьсьледаваньне вядзецца аб подкупе выбарнікаў, адмываньні грошай, кампутарным махлярстве і злачынствах у сфэры забароненых арганізацый і сымбаляў фашысцкага, расісцкага ці ксэнафобскага характару.
«Вобшукі зьвязаныя з магчымай датычнасьцю асобы да незаконнага фінансаваньня выбарчай кампаніі кандыдата ў прэзыдэнты Румыніі», — адзначаецца ў паведамленьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як «кароль TikTok» Румыніі зьвязаны са схемай прасоўваньня правага кандыдата ў прэзыдэнтыСьледчыя арыштавалі целаахоўніка Кэліна Джаржэску
Паліцыя 8 сьнежня затрымала Гарацыю Потра, які працаваў целаахоўнікам прарасейскага кандыдата ў прэзыдэнты. Вядома, што раней ён служыў у Францускім замежным легіёне.
Паводле ўладаў, яго ўзялі пад варту на 24 гадзіны за парушэньне румынскага заканадаўства аб зброі і боепрыпасах. Цягам гэтага часу ўлады павінны вырашыць: ці пакінуць яго пад вартай, ці вызваліць, ці ўзяць на судовы кантроль.
Паліцыя спыніла транспартныя сродкі, у якіх знаходзіліся Потра і група з 20 чалавек, калі яны рухаліся ў кірунку Бухарэсту. У аўтамабілях знайшлі пісталеты, мачэтэ, сякеры і нажы, якія, на думку ўладаў, маглі выкарыстоўвацца для «парушэньня грамадзкага парадку і спакою».
Праваахоўныя органы дапыталі ня менш за 13 чалавек.
Затрыманьне адбылося 8 сьнежня ў той момант, калі Кэлін Джаржэску і дзясяткі яго прыхільнікаў зладзілі ў Бухарэсьце акцыю пратэсту, пасьля таго як другі тур прэзыдэнцкіх выбараў, прызначаны на гэты дзень, быў скасаваны Канстытуцыйным судом краіны.
У Румыніі не выключаюць, што ягоны целаахоўнік меў сувязі з расейскай прыватнай вайсковай кампаніяй «Вагнэр», якая ваявала ва Ўкраіне і была заснаваная загінулым у 2023 годзе Яўгеніем Прыгожыным, блізкім паплечнікам расейскага прэзыдэнта.
Сам Гарацыю Потра адмаўляе сваю сувязь з вагнэраўцамі, але СМІ знайшлі фатаздымак, на якім ён летась сфатаграфаваўся з амбасадарам Расеі ў Румыніі Валерыем Кузьміным на цырымоніі з нагоды нацыянальнага дня Расеі.
Як паведамляюць румынскія СМІ, у 2011 годзе Гарацыю Потра прысудзілі за стварэньне ваенізаванай групоўкі два гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня.
- Першы тур прэзыдэнцкіх выбараў у Румыніі адбыўся 24 лістапада. Другі тур быў прызначаны на 8 сьнежня. У ім меліся ўдзельнічаць Кэлін Джаржэску (які ў першым туры набраў 22,94%) і Элена Лясконі (19,17%). Трэцяе месца ў першым туры заняў дзейны прэм’ер-міністар Марчэль Чаляку (19,14%).
- Перад другім турам прэзыдэнцкіх выбараў у Бухарэсьце адбыўся праэўрапейскі марш, у якім узялі ўдзел ня менш за тры тысячы грамадзян.
- Удзельнікі акцыі скандавалі «Свабода!» і «Эўропа!». Паводле арганізатараў акцыі, Румынія перажывае вырашальны момант пасьля таго, як рэвалюцыя 1989 году адкрыла шлях да свабоды і дэмакратыі.
- Грамадзяне выйшлі на акцыю пасьля таго, як Рада нацыянальнай абароны Румыніі (CSAT) 4 сьнежня рассакрэціла дакумэнты, паводле якіх краіна была мішэньню «агрэсіўных гібрыдных дзеяньняў Расеі», якія прывялі да шокавай перамогі ў першым туры Кэліна Джаржэску, які лічыцца прарасейскім кандыдатам.
- 6 сьнежня Канстытуцыйны суд Румыніі скасаваў вынікі прэзыдэнцкіх выбараў і пастанавіў правесьці новыя.
- 8 сьнежня Кэлін Джаржэску зладзіў акцыю пратэсту супраць скасаваньня другога туру выбараў.