Зяленскі расказаў аб колькасьці загінулых украінцаў на вайне з Расеяй, у ЗША ацанілі расейскія страты

Украінскія сапэры на лініі фронту ў Данецкай вобласьці, кастрычнік 2024. Ілюстрацыйнае фота

Расея і Ўкраіна практычна не даюць агульнай інфармацыі пра свае страты ў вайне і называюць непацьверджаныя зьвесткі пра страты праціўніка.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што ад пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны загінулі 43 тысячы ўкраінскіх вайскоўцаў.

«Нашы людзі цаной свайго жыцьця абараняюць свой дом, і кожнае жыцьцё нашых воінаў і нашых цывільных каштоўнае для нас. Ад пачатку поўнамаштабнай вайны Ўкраіна страціла 43 тысячы ваяроў, якія загінулі на полі бою. 370 тысяч выпадкаў аказаньня дапамогі параненым, і гэта з улікам, што ў нашым войску прыблізна 50 адсоткаў параненых вяртаюцца ў шэрагі, і фіксуюцца ўсе раненьні, у тым ліку лёгкія і паўторныя», — заявіў Уладзімір Зяленскі ў сваім відэазвароце ўвечары 8 сьнежня.

Паводле яго, узровень франтавой мэдыцыны ва Ўкраіне значна вышэйшы, чым у Расеі.

Уладзімір Зяленскі дадаў, што зь верасьня 2024 году Расея страчвае на полі бою вайскоўцаў у 5-6 разоў больш, чым Украіна. Паводле яго, ва Ўкраіне загінулі 198 тысяч расейцаў і больш за 550 тысяч атрымалі раненьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад 60 да 100 тысяч забітымі. The Economist ацаніў страты Ўзброеных сіл Украіны ў вайне з Расеяй

У ЗША пацьвердзілі расейскія страты на вайне ва Ўкраіне

Міністар абароны ЗША Лойд Остын заявіў, што ў часе поўнамаштабнай вайны супраць Украіны Расея страціла сама меней 700 тысяч вайскоўцаў і больш за 200 мільярдаў даляраў.

«Расея заплаціла ашаламляльную цану за неразважлівасьць Пуціна... У апошнія месяцы Расея страчвае да тысячы чалавек штодзень. І страты Расеі толькі за першы год выбранай Пуціным вайны, падобна, перавысілі страты Масквы ва ўсіх яе канфліктах з часоў Другой усясьветнай вайны, разам узятых», — сказаў Лойд Осьцін на Нацыянальным форуме ў пытаньнях бясьпекі ў Каліфорніі 7 сьнежня.

Расея і Ўкраіна практычна не даюць агульнай інфармацыі пра свае страты ў вайне і прыводзяць непацьверджаныя зьвесткі пра страты праціўніка.

У лютым 2024 году прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі казаў, што за час поўнамаштабнага ўварваньня Расеі загінулі 31 тысяча ўкраінскіх вайскоўцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп пракамэнтаваў падзеньне рэжыму Асада ў Сырыі і заклікаў да спыненьня вайны ва Ўкраіне