Амбасада ЗША ва Ўкраіне ўвечары папярэдзіла амэрыканскіх грамадзян аб імаверных ударах Расеі па крытычнай цывільнай інфраструктуры і заклікала дакладна выконваць усе захады бясьпекі ў часе паветраных трывог.
Ніякіх іншых дэталяў у паведамленьні няма.
Мінулым разам амэрыканскія дыпляматы абнародавалі аналягічнае папярэджаньне 20 лістапада. Тады адразу некалькі замежных дыпляматычных прадстаўніцтваў спынялі сваю працу на адзін дзень, а 21 лістапада стала вядома аб удары Расеі ракетай імаверна сярэдняга радыюсу па заводзе «Южмаш» у горадзе Дніпро.
Пазьней прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што гэта было выпрабаваньне новай зброі, ракетнага комплексу «Арэшнік».
28 лістапада на саміце АДКБ у Казахстане прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што наступнымі цэлямі для ўдараў балістычнымі ракетамі «Арэшнік» будуць «цэнтры ўхваленьня рашэньняў у Кіеве».
Тады ж стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка прапанаваў Уладзіміру Пуціну разьмясьціць гэтыя ракеты на тэрыторыі Беларусі.