У Брусэлі пачынаюцца «Дні Беларусі». Што ў пляне імпрэз

«Дні Беларусі» у Брусэлі

З 9 па 13 снежня 2024 года ў Брусэлі пройдуць «Дні Беларусі» – сэрыя імпрэз, прысьвечаных дэмакратычным пераўтварэньням у Беларусі і падтрымцы беларускага народу.

Эўрапейская служба замежных сувязяў і Эўрапейская камісія ў супрацоўніцтве з Эўрапарлямэнтам арганізавалі «Дні Беларусі» для падтрымкі дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасьці. Яны праходзяць з 9 па 13 снежня 2024 году ў Брусэлі.

На імпрэзах чакаецца ўдзел больш як 100 прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў, грамадзянскай супольнасьці, незалежных СМІ, праваабарончых арганізацый, культурных устаноў, а таксама беларускай дыяспары. Запрошаны і прадстаўнікі міжнародных арганізацый.

Сярод іншага, у праграме падзей чакаюцца:

  • Паказ фільма «Радзіма», створанага незалежнымі беларускімі рэжысэрамі Аляксандрам Міхалковічам і Ганнай Бадзякай, пасьля якога адбудзецца абмеркаваньне з адным з рэжысёраў фільма і прадстаўніком онлайн-кінатэатра Vodblisk.
  • Інтэрактыўная выстава #FramedInBelarus, створаная беларускай мастачкай Руфінай Базловай і праектам Stitchit & Collectiv.
  • 4-е паседжаньне Кансультацыйнай групы Эўразьвязу зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасьцю.
  • Выстава аб палітычных зьняволеных «Галасы з турмы» і «Нязломленыя».
  • Музычная вечарына, які будзе ўключаць два выступы: беларускага акардэаніста Ягора Забелава і хору Free Choir.
  • Шэраг канфэрэнцый высокага ўзроўню і іншае.

«Дні Беларусі» арганізаваныя ў кантэксьце пачатку працы новага складу Эўрапарлямэнту і на фоне прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, прызначаных на 26 студзеня 2025 году.

Праграма імпрэз накіраваная на дэманстрацыю салідарнасьці Эўрапейскага зьвязу і пазытыўнага ўплыву яго падтрымкі на разьвіцьцё дэмакратычных ініцыятыў у Беларусі, пішуць арганізатары.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік ЦВК заявіў, што за чальцамі выбарчых камісій сачылі замежныя спэцслужбы, таму сьпісы камісій ня будуць публікаваць
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Афіцыйны Менск назваў Стратэгічны дыялёг ЗША і дэмакратычных сілаў умяшаньнем ва ўнутраныя справы Беларусі