Прэзыдэнт Паўднёвай Карэі папрасіў прабачэньня за ўвядзеньне ваеннага становішча

Прэзыдэнт Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёль просіць прабачэньня ў грамадзян, 7 сьнежня 2024

Прэзыдэнт Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёль папрасіў прабачэньня за ўвядзеньне ваеннага становішча і паабяцаў не ўхіляцца ад адказнасьці перад галасаваньнем пра свой імпічмэнт.

«Мне вельмі шкада. Я прыношу шчырыя прабачэньні людзям, якія былі вельмі напалоханыя», — сказаў Юн у звароце з канцылярыі прэзыдэнта, цытуе яго агенцтва «Ронхап».

Юн растлумачыў, што абвяшчэньне ваеннага становішча было выклікана «роспаччу прэзыдэнта, які нясе адказнасьць за дзяржаўныя справы». Ён паабяцаў не ўхіляцца ад юрыдычнай і палітычнай адказнасці за свой крок і падкрэсліў, што другога ваеннага становішча «дакладна ня будзе», перадае KBS.

Сёньня ўвечары, 7 снежня, парлямэнт мае прагаласаваць па законапраекце аб імпічмэнце прэзыдэнту, які раней унесла апазыцыя. Апазыцыйныя партыі лічаць, што Юн спрабаваў учыніць дзяржаўны пераварот. У кіруючай партыі адстаўку прэзыдэнта назвалі непазьбежнай.

Юн аб’явіў аб увядзенні ваеннага становішча «дзеля барацьбы з унутранымі прыхільнікамі КНДР» у аўторак, 3 сьнежня. Указ, які дзейнічаў шэсьць гадзін, забараняў працу палітычных партый, пратэсты, страйкі, уводзіў цэнзуру і ваенна-палявыя трыбуналы з правам на вынясеньне сьмяротнага прысуду.

Перад будынкам парлямэнту сабраліся пратэстоўцы — больш за пяць тысяч, паводле ацэнак апазыцыі. Дэпутаты падчас штурму будынка вайскоўцамі прагаласавалі за адмену рашэньня прэзыдэнта. Пасьля гэтага ён паводле закону быў вымушаны адмяніць указ. Ключавыя чыноўнікі, у тым ліку міністар абароны Кім Ён Хён, сышлі ў адстаўку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парлямэнт Паўднёвай Карэі прагаласаваў за адмену ваеннага становішча, уведзенага прэзыдэнтам