Як паведамляецца ў прэс-рэлізе пракуратуры, расьсьледаванне датычыцца злачынстваў, звязаных з подкупам выбарнікаў, адмываньнем грошай, кампутарным махлярствам і злачынствам, зьвязаным з забаронай фашысцкіх, расісцкіх або ксэнафобскіх арганізацый і сымбаляў.
«Ператрус праводзіцца з мэтай выяўленьня магчымага ўдзелу фізычнай асобы ў незаконным фінансаваньні выбарчай кампаніі кандыдата ў прэзыдэнты Румыніі з выкарыстаньнем грашовых сум, у дачыненні да якіх ёсць прыкметы таго, што яны маглі паступаць з прыбытку ад некаторыя злачынстваў і ўключацца ў працэс адмываньня грошай», — гаворыцца ў прэс-рэлізе пракуратуры.
Паводле Agerpres, у расьследаваньні фігуруе Багдан Пэшкір, вядомы ў Румыніі як «кароль TikTok». 36-гадовы праграміст стаў цэнтральнай фігурай у паведамленьнях аб тым, што краіне правы кандыдат у прэзыдэнты Кэлін Джарджэску атрымаў выгаду з таемных кампаній уплыву, у тым ліку з Расеі.
Малавядомы Джарджэску стаў нечаканым пераможцам першага туру прэзыдэнцкіх выбараў у Румыніі 24 лістапада, калі набраў 23 працэнты галасоў. Яго перамога стварыла ўмовы для другога туру з удзелам празаходняй цэнтрысцкай кандыдаткі Элены Лясконі. Аднак 6 сьнежня Канстытуцыйны суд Румыніі адмяніў вынікі выбараў, даўшы ўраду магчымасьць прызначыць новую дату прэзыдэнцкіх выбараў.
Вярхоўная рада нацыянальнай абароны Румыніі 4 сьнежня — за чатыры дні да другога туру 8 сьнежня — рассакрэціла разьведвальныя зьвесткі, паводле якіх Пэшкір «ажыцьцявіў плацяжы на суму 381 000 даляраў ЗША ў пэрыяд з 24 кастрычніка па 24 лістапада 2024 году карыстальнікам некаторых акаўнтаў TikTok, якія ўдзельнічалі ў прасоўваньні кандыдата Кэліна Джарджэску», што ёсьць парушэньнем румынскага заканадаўства.
З тых часоў Пэшкір адмаўляў фінансаваньне выбарчай кампаніі Джарджэску, заявіўшы, што, хоць некаторыя зь яго ахвяраваньняў пайшлі прыхільнікам кандыдата, іншыя пайшлі на дабрачыннасьць, апалітычныя акаўнты TikTok і акаўнты ў падтрымку іншых кандыдатаў.
6 сьнежня ён адказаў Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, што ня мае ніякай сувязі з Джарджэску.
«У мяне няма ніякай матэрыяльнай ці асабістай зацікаўленасьці, я проста добраахвотна падтрымліваў яго праз пасты і камэнтары», — сказаў ён у пісьмовым адказе.«У гэтым дакумэнце згадваюцца толькі прыхільнікі [Джарджэску], што падаецца мне абсурдным. Я не заключаў ніякіх пагадненьняў зь людзьмі, што я буду ахвяраваць у падтрымку таго ці іншага кандыдата», — дадаў Пэшкір.
У паведамленьні на Facebook незадоўга да таго, як выбары былі ануляваныя, Пэшкір абвінаваціў СМІ ў перасьледзе і прыгразіў судовым пазовам. Адказваючы на пытаньне ў разьдзеле камэнтароў пра тое, адкуль узяліся грошы, Пэшкір напісаў, што гэта «ня ваша справа».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як «кароль TikTok» Румыніі зьвязаны са схемай прасоўваньня правага кандыдата ў прэзыдэнты ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канстытуцыйны суд Румыніі ануляваў вынікі прэзыдэнцкіх выбараў