Вальфовіч заявіў, што Лукашэнка мае «ядзерны чамаданчык» і «чырвоную кнопку». Раней Расея гэта абвяргала

Колішні расейскі «ядзерны чамаданчык» — экспанат у Ельцын-цэнтры, прысьвечаным першаму прэзыдэнту Расеі Барысу Ельцыну, у Екацярынбургу.

Да таго ж заходнія дасьледчыкі і ініцыятыва былых беларускіх сілавікоў BelPol у сваіх расьсьледаваньнях выказвалі сумневы наконт таго, што ядзерная зброя ўжо завезеная ў Беларусь.

Расейскую ядзерную зброю, разьмешчаную на тэрыторыі Беларусі, мае права скарыстаць толькі Аляксандар Лукашэнка, заявіў 6 сьнежня дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Аляксандар Вальфовіч журналістам дзяржаўных СМІ ў Менску перад пасяджэньнем Вышэйшага дзяржсавету Саюзнай дзяржавы.

«У кожнага прэзыдэнта свая „чырвоная кнопка“, свой партфэль, свой ядзерны чамаданчык, — цытуе Вальфовіча дзяржаўнае агенцтва БелТА. — Зброю, якая знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, мае права прымяніць толькі прэзыдэнт Беларусі. А тую зброю, якая знаходзіцца на тэрыторыі Расеі, мае права прымяніць і даць каманду толькі прэзыдэнт Расеі».

Раней прадстаўнікі Расеі неаднаразова заяўлялі, што рашэньне пра выкарыстаньне ядзернай зброі застаецца за расейскім кіраўніцтвам. Да прыкладу, у кастрычніку намесьнік кіраўніка Савету бясьпекі РФ Дзьмітрый Мядзведзеў напісаў у сваім тэлеграм-канале: «[У выпадку нападу на Беларусь] у Аляксандра Рыгоравіча будзе поўная падстава зьвярнуцца да Расеі для выкарыстаньня разьмешчанай у Беларусі тактычнай ядзернай зброі». Ня толькі расейскія, але і беларускія дыпляматы, у прыватнасьці прадстаўнік Беларусі ў ААН, заяўлялі, што кантроль за тактычнай ядзернай зброяй на тэрыторыі Беларусі застанецца за Расеяй.

У канцы красавіка 2024 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Расея разьмясьціла ў Беларусі некалькі дзясяткаў ядзерных боепрыпасаў. Сёлета ў чэрвені Стакгольмскі міжнародны інстытут дасьледаваньня праблем міру (SIPRI) апублікаваў даклад, дзе гаварылася, што няма пераканаўчых доказаў разьмяшчэньня ў Беларусі ядзернай зброі. А ў канцы лістапада ініцыятыва былых беларускіх сілавікоў BelPol апублікавала сваё расьсьледаваньне, у якім выказваюцца сумневы наконт таго, што ядзерная зброя ўжо завезеная ў Беларусь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ядзерная зброя. Ці завезьлі яе ў Беларусь? Расьсьледаваньне BelPol
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін прыляцеў у Менск на перамовы з Лукашэнкам. У цэнтры ўвагі дамова аб бясьпецы