Аналітыкі спрагназавалі, чым скончыцца вайна ў Сырыі: падзе рэжым Асада ці Расея зноў яго ўратуе

Сірыйскі антыўрадавыя ваяўнікі страляюць у паветра ў гонар захопу горада Хама. 6 снежня 2024

Дылема разьвяжацца неўзабаве, піша рэгіянальны рэдактар Радыё Свабода Фруд Бэжан.

Захоп антыўрадавымі баевікамі Хамы, стратэгічнага горада ў Сырыі, зьмяніў расклад у дзесяцігадовай грамадзянскай вайне ў гэтай блізкаўсходняй краіне.

Адказны за Цэнтральную Азію і Блізкі Ўсход рэдактар Радыё Свабода Фруд Бэжан сабраў думкі экспэртаў пра сытуацыю ў Сырыі.

Адны экспэрты мяркуюць, што прэзыдэнт Сырыі Башар Асад, страціўшы крыху больш як за тыдзень два ключавыя гарады, яшчэ не сутыкнуўся з экзыстэнцыяльным крызісам.

Паўстанец зьдзірае партрэты Башара і Хафеза Асадаў у аэрапорце Алепа. 2 сьнежня 2024

Але іншыя аналітыкі на гэта адказваюць, што падзеньне сырыйскага горада Хама «ілюструе, што гэты наступ мае трываласьць і можа азначаць большае, чым проста бліцкрыг».

Гэтак думае, у прыватнасьці, Арон Зэлін, старшы навуковы супрацоўнік Вашынгтонскага інстытуту. На ягоную думку, захоп Хамы стаў пераломным момантам у трынаццацігадовай грамадзянскай вайне ў Сырыі.

Сырыйскія паўстанцы на захопленым танку ў горадзе Хама. 3 сьнежня 2024

Экспэрт Зэлін зазначыў, што групоўка баевікоў «Гаят Тахрыр аш-Шам», прызнаная тэрарыстычнай у ЗША, і яе саюзьнікі захапілі Хаму 5 сьнежня, усяго празь некалькі дзён пасьля ўзяцьця пад кантроль другога па значнасьці горада краіны, Алепа.

Вокамгненнае прасоўваньне зьяўляецца значным ударам для прэзыдэнта Башара Асада, які абапіраўся на ключавых хаўрусьнікаў, Іран і Расею, каб застацца ва ўладзе з моманту выбуху канфлікту ў 2011 годзе.

Уцекачы з Алепа. 3 сьнежня 2024

Хама, паводле Зэліна, зьяўляецца ключом да абароны сталіцы Дамаска і варотамі ў прыбярэжныя гарады Сырыі — апірышча алявітаў (алявіты — адгалінаваньне шыіцкага ісламу, да якой належаць Асад і многія зь яго прыхільнікаў). На ўзбярэжжы таксама разьмешчаны стратэгічная расейская вайскова-марская база і авіябаза.

У захопленым горадзе Хама. 5 сьнежня 2024

Іншы экспэрт у праіранскіх баевіках, Філіп Сьміт, таксама лічыць, што падзеньне Хамы «зьмяняе гульню» і баевікі «дэманструюць, што ваенная машына Асада — гэта шалупіньне».

Паводле аналітыкаў, сырыйскія ўрадавыя войскі маюць нізкі маральны дух і нізкую аплату працы, а таксама цярпяць ад парушэньня ланцуга камандаваньня.

Пашкоджаны партрэт Башара Асада ў Хаме. 6 сьнежня 2024

Тым ня менш, нягледзячы на страту двух ключавых гарадоў крыху больш як за тыдзень, Асад яшчэ не сутыкнуўся з экзыстэнцыяльным крызісам, пагаджаюцца экспэрты ў ацэнцы сытуацыі.

Асад яшчэ спадзяецца на Тэгеран і Маскву

Але ўвага абедзьвюх краін — саюзьніц Асада, Расеі і Ірану, цяпер адцягнутая на ўласныя крызісы, зазначаюць экспэрты і ўспамінаюць, як у 2013 годзе Іран накіраваў сотні афіцэраў Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі для вэрбаваньня і навучаньня дзясяткаў тысяч мясцовых і замежных шыіцкіх байцоў, а паветраныя апэрацыі Расеі супраць пазыцый паўстанцаў з 2015 году дапамагалі сырыйскай арміі і праіранскім фармаваньням вярнуць кантроль над значнай часткай тэрыторыі краіны.

Паўстанцы каля будынку губэрнатара ў Хаме. 5 сьнежня 2024

Цяпер жа Масква заклапочаная сваёй вайной ва Ўкраіне, а Іран засяроджаны на іншых канфліктах на Блізкім Усходзе, у тым ліку ў Лібане і на палестынскіх тэрыторыях.

Лібанская ўзброеная групоўка «Хэзбала», яшчэ адзін ключавы гулец у сырыйскім канфлікце і хаўрусьнік Дамаска, моцна аслабленая пасьля вайны з Ізраілем, якая цягнецца амаль год.

У выніку Масква і Тэгеран марудзяць з дадатковай падтрымкай Асада, адзначаюць экспэрты. Паведамляецца, што Расея ўзмацніла авіяўдары па раёнах, якія ўтрымліваюць баевікі, а шыіцкія атрады, якія падтрымлівае Іран, накіраваліся да лініі фронту, але незразумела, ці будзе гэтага дастаткова, каб спыніць прасоўваньне «Хаят Тахрыр аш-Шам», арганізацыі, прызнанай ЗША тэрарыстычнай, і яе саюзьнікаў.

«Іран патрабуе падтрымкі з паветра для сваіх апалчэнцаў і навабранцаў, але Расея мае праблемы зь яе арганізацыяй праз вайну ва Ўкраіне», — зазначыў Сьміт.

«Акрамя таго, вайна паміж Ізраілем, ХАМАС і „Хэзбалой“ абышлася надзвычай дорага для Ірана, які абапіраўся на „Хэзбалу“. Гэта будзе больш павольны працэс аказаньня дапамогі, чым раней», — мяркуе экспэрт Філіп Сьміт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сырыйскае войска заявіла пра адступленьне з ключавога горада Хама пасьля наступу паўстанцаў