Большасьць журналістаў у выгнаньні асьцерагаюцца перасьледу з боку рэжыму Лукашэнкі, — апытаньне

Ілюстрацыйнае фота

На першым месцы сярод праблемаў, што зазнаюць беларускія журналісты, якія пасьля падзеяў 2020 году апынуліся за мяжой, — праблемы бясьпекі. Прычым ня толькі ўласнай, але і бясьпекі сваякоў на радзіме. Гэта вынікае з апытаньня, якое правяла Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) у 2024 годзе.

У апытаньні бралі ўдзел 211 працаўнікоў беларускіх мэдыя і фрылансэраў. 10 з апытаных журналістаў пагадзіліся на гэтак званыя «глыбінныя інтэрвію», падчас якіх расказалі свае гісторыі, у тым ліку і драматычныя. Прэзэнтацыя дасьледаваньня «Стан і патрэбы прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускага мэдыясэктару» адбылася 5 сьнежня на сайце БАЖ.

Паводле дасьледаваньня, праблемы, зь якімі найчасьцей сутыкаюцца беларускія журналісты ў замежжы, наступныя:

  • Верагоднасьць перасьледу саміх журналістаў або іх родных за іх прафэсійную дзейнасьць, — 67,3%.
  • Нізкі заробак, недахоп сродкаў у мэдыя, у якім працуе журналіст, — 62%.
  • Перагружанасьць працай — 40%.
  • Недахоп камунікацыі з калегамі — 34%.
  • Адсутнасьць адпаведнай журналісту працы — 32%.
  • Цэнзура і самацэнзура — 27%.
  • Адсутнасьць адпаведнага памяшканьня для працы — 24%.
  • Састарэлая тэхніка і патрэба ў яе замене — 20%.
  • Адсутнасьць журналісцкага кам’юніці ў мясцовасьці, дзе знаходзіцца журналіст, — 14%.

Аўтары дасьледаваньня прызнаюць, што беларускія журналісты і журналісткі за мяжой перажываюць востры прафэсійны і фінансавы крызіс. На думку дасьледчыкаў, гэта зьвязана ня толькі з палітычна матываванымі рэпрэсіямі і рызыкамі прафэсіі, вымушаным ад’ездам і стратай магчымасьці быць побач з блізкімі людзьмі і былымі калегамі, але таксама з адсутнасьцю сталай працы і доступу да мэдычных паслуг.

Найбольшы непакой у дасьледчыкаў выклікаў высокі ўзровень небясьпекі, якую перажываюць журналісты. Нагадаем, паводле зьвестак БАЖ, за кратамі ў Беларусі застаюцца 36 журналістаў, 77 журналістаў — уключна з тымі, хто жыве за мяжой — знаходзяцца пад крымінальным перасьледам ці ўжо зазналі завочныя суды, 32 беларускія мэдыя і мэдыйныя праекты рэжым Лукашэнкі прызнаў «экстрэмісцкімі».

«Перасьлед журналістаў, на жаль, стаў абсалютнай будзённасьцю», — пракамэнтаваў гэтыя лічбы Свабодзе намесьнік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі, які прадстаўляў дасьледаваньне.

Паводле Гарэцкага, сёлета ў БАЖ заўважаюць лявінападобнае павелічэньне колькасьці рэпрэсіяў супраць журналістаў, у тым ліку тых, хто апынуўся за мяжой.

«Людзі знаходзяцца на эміграцыі, але рэпрэсіі супраць іх, супраць іх маёмасьці, супраць родных працягваюцца. Нам вядома пра 48 ператрусаў у журналістаў, але думаю, што рэальная лічба можа быць разы ў тры большая. Таму журналісты сталі максымальна ананімныя, апасаючыся гэтага перасьледу. Многія калегі адчуваюць страх перад тым, што „губазікі“ там будуць перасьледаваць іх сваякоў», — сказаў Барыс Гарэцкі.

Агулам, паводле падлікаў БАЖ, з больш як 5 тысяч супрацоўнікаў беларускіх мэдыя, якія дзейнічалі ў краіне ў 2020 годзе, за мяжой цяпер знаходзяцца каля 500 чалавек. Колькасьць замежных беларускіх мэдыя і мэдыйных праектаў БАЖ ацэньвае ў 30–40.

Удзельнікі апытаньня БАЖ пазначылі краінамі цяперашняга пражываньня Латвію, Літву, Грузію, Польшчу, Украіну, Чэхію, Нямеччыну, Швайцарыю, Гішпанію, Партугалію і ЗША.

«Многія апавядаюць, што ім складана ўявіць сабе будучыню ў прафэсіі і на эміграцыі агулам праз пастаянныя рэпрэсіі, фінансавыя выклікі і складанасьці зь легалізацыяй», — зазначыла экспэртка БАЖ Ірына (сапраўднае імя на яе просьбу зьмененае).

Яе калега Барыс Гарэцкі мяркуе, што дзясяткі беларускіх журналістаў, якія мусілі праз рэпрэсіі пакінуць Беларусь, страцілі прафэсію. Пры гэтым прадстаўніку БАЖ невядомыя выпадкі, каб хтосьці з журналістаў сёлета вярнуўся на радзіму. Барыс Гарэцкі зазначыў яшчэ адзін важны вынік апытаньня — яно паказала запатрабаванасьць у захадах, якія дапамаглі б захаваць псыхалягічную ўстойлівасьць журналістаў і добры мікраклімат унутры рэдакцый.

«Прагноз на будучы год для журналістаў збольшага несуцяшальны, бо праблемы існуюць і няма падставаў думаць, што нехта іх хутка за нас вырашыць. Але пазытыўны момант бачу ў тым, што мэдыйныя арганізацыі гэтыя праблемы бачаць, і праграмы, якія мы ствараем на будучыню, зыходзяць з гэтых праблемаў. БАЖ, прыкладам, плянуе распрацаваць праект дакумэнту, які б рэгуляваў адносіны ўнутры рэдакцый, у тым ліку пытаньні сацыяльнай абароны. Пра гэта казаў шмат хто з удзельнікаў апытаньня», — сказаў Барыс Гарэцкі.

З дасьледаваньнем «Стан і патрэбы прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускага мэдыясэктару» цалкам можна азнаёміцца тут.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты