Навукоўцы дасьледавалі, ці можа цёмны шакаляд зьнізіць рызыку дыябэту

Чорны шакаляд. Ілюстрацыйнае фота

Новае дасьледаваньне паказвае, што такое можа быць.

Газэта The New York Times распытала экспэртаў, ці не занадта гэта добра, каб быць праўдай.

Новае дасьледаваньне апублікаванае ў навуковым часопісе The BMJ, прапануе абнадзейлівыя навіны: ужываньне цёмнага шакаляду зьвязана са зьніжэньнем рызыкі разьвіцьця дыябэту 2-га тыпу.

Але дасьледаваньне не даказала, што сам шакаляд выклікае такую карысьць для здароўя; магчыма, нешта іншае ў людзях, якія елі чорны шакаляд, зьніжала імавернасьць разьвіцьця дыябэту. І чорны шакаляд ня варта разглядаць як «чароўную пігулку» для прафіляктыкі дыябэту, сказаў доктар Ці Сунь, дацэнт катэдры харчаваньня і эпідэміялёгіі Гарвардзкага ўнівэрсытэта.

Але высновы абапіраюцца на вялікую колькасьць дасьледаваньняў, якія дэманструюць сувязь паміж спажываньнем цёмнага шакаляду і зьніжэньнем рызыкі некаторых захворваньняў, такіх як высокі крывяны ціск, сардэчна-сасудзістыя захворваньні і рэзыстэнтнасьць да інсуліну.

Вынікі паказваюць, што невялікая колькасьць чорнага шакаляду можа быць часткай здаровай дыеты.

Што паказала дасьледаваньне?

У сярэдзіне 1980-х і пачатку 1990-х дасьледчыкі пачалі вывучаць тры групы пераважна белых мэдыцынскіх работнікаў. Кожныя чатыры гады больш за 190 тысяч удзельнікаў запаўнялі падрабязныя дыетычныя анкеты, у якіх пыталася, як часта яны ўжываюць шакаляд. Пачынаючы з 2006 і 2007 гадоў, у залежнасці ад групы, дасьледчыкі зьмянялі анкеты, каб спытаць, як часта ўдзельнікі ядуць чорны і малочны шакаляд. Яны сачылі за станам здароўя ўдзельнікаў на працягу 34 гадоў.

За гэты час амаль у 19 тысяч удзельнікаў разьвіўся дыябэт 2-га тыпу. Пасьля карэктаваньня іншых аспэктаў іхнага ладу жыцьця, такіх як фізычныя практыкаваньні, ужываньне алькаголю, курэньне і агульная карыснасьць дыеты, а таксама іх узросту і сямейнай гісторыі дыябэту, дасьледчыкі выявілі, што людзі, якія ўжывалі сама меней пяць порцый любога тыпу шакаляду на тыдзень, мелі на 10% меншую рызыку разьвіцьця дыябэту 2-га тыпу ў параўнаньні з тымі, хто рэдка або ніколі ня еў шакаляд.

Але дасьледчыкі выявілі яшчэ больш дзіўны вынік: тыя, хто ўжываў як мінімум пяць порцый чорнага шакаляду на тыдзень, мелі на 21% ніжэйшую рызыку разьвіцьця дыябэту 2-га тыпу, чым тыя, хто ўжываў чорны шакаляд радзей за адзін раз на месяц.
Аналіз таксама паказаў, што ўдзельнікі, якія ўжывалі малочны шакаляд, не былі абароненыя ад дыябэту 2-га тыпу. Наасамрэч, адзначылі дасьледчыкі, яны часьцей набіралі вагу падчас дасьледаваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі высокая захворвальнасьць на інсульты. Што раяць мэдыкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 9 высноваў пра здаровае харчаваньне паводле амэрыканскіх дыетолягаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новыя дасьледаваньні засьцерагаюць ад празьмернага спажываньня чырвонага мяса