Ужо сёньня: дзень народзінаў Барбары Радзівіл

Жыгімонт Аўгуст і Барбара Радзівіл. Выстава "Славутыя асобы Беларусі" Ляйлі і Валянціна Варэцаў, 2007 год

​Падзеі 6 сьнежня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі.

Дата дня

6 сьнежня 1520 году нарадзілася Барбара Радзівіл, каралева польская і вялікая княгіня літоўская. Брат Барбары, Мікалай Радзівіл Чорны, быў ня супраць скарыстаць шлюб сястры з Жыгімонтам Аўгустам, каб палепшыць сваё становішча. А Жыгімонтава маці, каралева Бона Сфорца, ненавідзела Радзівілаў. Жыгімонт парушыў сваё слова болей ня бачыцца з Барбарай і пабраўся зь ёю таемным шлюбам.

Бона Сфорца зрабіла ўсё магчымае, каб перашкодзіць каранаваньню Барбары. Калі Сэйм усё ж каранаваў Барбару, Бона Сфорца пакінула Кракаў і зьехала на радзіму, у Італію. Існуе вэрсія, што патаемна яна пакінула агентаў, каб атруціць ненавісную нявестку. Барбару каранавалі ў сьнежні 1550 году, а праз шэсьць месяцаў яе ня стала.

Таксама ў гэты дзень

1240 — войска Батыя разбурыла Кіеў.

1768 — надрукавана першае выданьне Encyclopedia Britannica.

1917 — Фінляндыя атрымала незалежнасьць ад Расеі.

1925 — у Вільні выйшаў з друку першы нумар «Сялянскай Нівы».

1926 — адбылося другое ўзбуйненьне БССР: да рэспублікі далучаныя Гомельскі і Рэчыцкі паветы расфармаванай Гомельскай губэрні.

1971 — Пакістан разарваў дыпляматычныя адносіны зь Індыяй, пасьля таго як тая прызнала Банглядэш.

1978 — на рэфэрэндуме ў Гішпаніі была зацьверджана дэмакратычная канстытуцыя пасьля амаль 40 гадоў панаваньня дыктатуры.

1991 — ва Ўкраіне прынялі Закон «Аб Узброеных сілах», ад 1993 гэты дзень адзначаецца як нацыянальнае вайсковае прафэсійнае сьвята ўсіх вайскоўцаў Узброеных сіл Украіны.

1998Уга Чавэса абралі на прэзыдэнта Вэнэсуэлы.

Уга Чавэс пачынае перадвыбарчую кампанію, 1997 год

У гэты дзень нарадзіліся

1800 — Язэп Ходзька, беларускі геадэзіст і тапограф.

1933 — Зінаіда Мажэйка, беларуская этнамузыказнаўца.

У памяці

1736 — памёр Юзаф Тадэвуш Агінскі, палітычны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага.

1921 — памёр Мікалай Янчук, беларускі і ўкраінскі навуковец-славіст, гісторык, этнограф, фальклярыст і літаратуразнаўца.