Міжурадавы камітэт UNESCO ў пытаньнях нематэрыяльнай культурнай спадчыны 4 сьнежня ўключыў беларускую выцінанку ў Сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO.
«Выцінанка — традыцыйнае мастацтва выразаньня з паперы, якое ўжываецца ў Беларусі. Першапачаткова выкарыстоўвалася ў цэрквах, цяпер ужываецца для ўпрыгожваньня дамоў, кавярняў і офісаў, для дызайну друкаванай прадукцыі, напрыклад, календароў і паштовак, а таксама ў тэатральных дэкарацыях і грамадзкіх месцах. Рамесьнікі выкарыстоўваюць розныя спосабы выразаньня з паперы: ад выразаньня простых сымэтрычных кампазыцыяў нажніцамі да камбінаваньня складаных дэталяў з дапамогай нажніц і стамескі.
Сёньня выцінанка выконвае комплекс унівэрсальных функцыяў, у тым ліку выхаваўчую, эстэтычную і камунікатыўную», — гаворыцца на сайце UNESCO.
У 2021 годзе беларускае мастацтва выцінанкі атрымала статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці ў Беларусі. На той час у Беларусі мастацтвам выцінанкі валодалі каля ста майстроў, 11 зь іх мелі званьне народнага майстра.
Пасьля гэтага Міністэрства культуры Беларусі намінавала беларускую выцінанку ў сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO.
Выцінанка — мастацтва выразаньня карункавых узораў з паперы. Яно распаўсюдзілася па Беларусі ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя. Тады выцінанкамі аздаблялі жыльлё. Пры канцы XX стагодзьдзя выцінанку прызналі відам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Гэта ўжо шостая беларуская культурная традыцыя ў сьпісе UNESCO. Раней у яго трапілі:
- сьвяточны калядны абрад «Калядныя цары» ў мястэчку Семежаве Капыльскага раёну Менскай вобласьці (2009),
- сьвяткаваньне ў гонар абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у мястэчку Будславе Мядзельскага раёну Менскай вобласьці (2017),
- абрад «Юраўскі карагод» у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёну Гомельскай вобласьці (2019),
- «Культура ляснога бортніцтва» Беларусі і Польшчы (2020),
- «Саломапляценьне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменьні» (2022).
У красавіку 2024 году Беларусь таксама накіравала ў UNESCO дасье нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасьці «Культура беларускай дуды» для прызнаньня яе нематэрыяльнай культурнай спадчынай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выцінанка і велікодны карагод атрымаюць у Беларусі статус гісторыка-культурных каштоўнасьцяў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь накіравала ў UNESCO дасье для прызнаньня беларускай дуды нематэрыяльнай культурнай спадчынай