Іранскую ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі міру часова вызвалілі з турмы па мэдыцынскіх паказаньнях

Ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі міру 2023 года Наргес Махамадзі. Архіўнае фота

Іран часова вызваліў ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі міру Наргес Махамадзі ў сувязі са станам здароўя.

Пра вызваленьне паведаміла Радыё Фарда са спасылкай на адваката Наргес.

Зьняволеная іранская ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі міру Наргес Махамадзі была вызваленая для адпачынку як мінімум на тры тыдні пасьля атрыманьня тэрміновай мэдыцынскай дапамогі, паведаміў яе адвакат 4 снежня.

«Паводле заключэньня судмэдэкспэрта, пракуратура Тэгерана прыпыніла выкананьне прысуду Наргес Махамадзі на тры тыдні, і яна была вызваленая з турмы. Прычынай гэтага зьяўляецца яе фізычны стан пасьля пасьля выдаленьня пухліны і плястыкі касьцей, якія былі зробленыя 21 дзень таму», — паведаміў адвакат у правах чалавека Мастафа Нілі ў паведамленьні ў сетцы X.

Крыніцы Радыё Фарда пацьвердзілі, што 52-гадовая Махамадзі вызваленая.

Наргес Махамадзі — палітычная і грамадзянская актывістка, абаронца правоў жанчын і праціўніца сьмяротнага пакараньня. Іранскія ўлады 13 разоў яе арыштоўвалі, пяць разоў судзілі, прысудзіўшы агулам 154 удары бізуном і 31 год зьняволеньня.

Нядаўна Наргес Махамадзі прызналі вінаватай у распаўсюджваньні прапаганды, накіраванай супраць Ісламскай рэспублікі Іран, і пакаралі дадатковымі 15 месяцамі пазбаўленьня волі.

Махамадзі адбывала пакараньне ў тэгеранскай турме Эвін, дзе часта ўтрымліваюцца праціўнікі рэжыму. Раней яна абвяшчала галадоўку, бо ёй не аказвалі мэдычнае дапамогі. ААН і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Махамадзі палітзьняволенай і заклікалі да яе вызваленьня.

Раней Махамадзі абвяшчала галадоўку пратэсту супраць умоваў утрыманьня ў турме Эвін, а таксама супраць патрабаваньня іранскіх уладаў, каб жанчыны насілі хіджаб.


Наргес Махамадзі атрымала Нобэлеўскую прэміі міру 2023 году за «барацьбу супраць прыгнёту жанчын у Іране і заахвочваньне правоў чалавека і свабоды для ўсіх».

На працягу многіх гадоў яна выказвала свой пратэст супраць правілаў абавязковага нашэньня хіджабу, уведзеных для іранскіх жанчын, а таксама супраць абмежаваньняў правоў і свабодаў жанчын у Іране.

Рашэньне прысудзіць ёй Нобэлеўскую прэмію зьвязана, у прыватнасьці, з масавай кампаніяй пад лёзунгам «Жанчына. Жыцьцё. Свабода», якая пачалася ў Іране пасьля сьмерці актывісткі Махсы Аміні летась. Удзельнікі кампаніі выступаюць за правы жанчын і, у прыватнасьці, супраць абавязковага нашэньня хіджабу. Масавыя акцыі жорстка душыліся ўладамі.

У зьняволеньні знаходзіцца і беларускі ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ аднаго ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру пакаралі зьняволеньнем
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нобэлеўская ляўрэатка абвясьціла галадоўку ў іранскай турме