У Грузіі працягваюць затрымліваць пратэстоўцаў, чыноўнікі выступілі супраць гвалту, на акцыі выйшлі жанчыны

Пратэст працягваецца ўжо шэсьць дзён

Праваабаронцы сьцьвярджаюць, што сілавікі разам з гвалтам выкарыстоўваюць невядомыя хімікаты, якія, у тым ліку, дадаюць і ў вадамёты.

У Грузіі ўвечары трэцяга сьнежня і ў ноч на 4 сьнежня затрымалі сама меней 22 удзельнікаў пратэстаў супраць спыненьня перамоў аб эўрапейскай інтэграцыі краіны.

Апроч таго, як паведаміў праект Радыё Свабода «Эхо Кавказа», у лякарні Грузіі з акцыі даставілі 15 чалавек, у тым ліку 11 пратэстоўцаў, трох журналістаў і аднаго паліцыянта.

Праваабарончыя арганізацыі заявілі аб супрацьпраўных дзеяньнях сілавікоў, якія пачалі разгон акцыі ў той час, калі пратэстоўцы паводзілі сябе мірна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канстытуцыйны суд Грузіі не прыняў да разгляду пазоў прэзыдэнткі аб адмене вынікаў выбараў

Паводле праваабаронцаў, сілавікі разам з гвалтам выкарыстоўваюць невядомыя хімікаты, якія, у тым ліку, дадаюцца і ў вадамёты.

«Капсулы са сьлезацечным газам былі выпушчаныя ў вялікай колькасьці, у месцах, дзе групы людзей стаялі блізка адзін да аднаго, што стварала рэальную пагрозу іх прамога раненьня. Капсуламі стралялі таксама з дахаў... Шэраг грамадзян, якія прысутнічалі на мітынгу, адзначаюць асабліва шкоднае ўзьдзеяньне выкарыстаных спэцсродкаў на іхнае здароўе», — адзначаецца ў заяве Асацыяцыі маладых юрыстаў Грузіі.

Праваабаронцы заклікалі Міністэрства ўнутраных спраў Грузіі абнародаваць пералік спэцыяльных сродкаў, каб лекары маглі аказваць мэдычную дапамогу пацярпелым.

Грузінскае выданьне NewsGeorgia паведаміла, што па ўсёй краіне на акцыі да паліцэйскіх участкаў пачалі выходзіць жанчыны. Яны патрабуюць спыніць зьбіцьцё грамадзян пры затрыманьні і патрабуюць іх вызваленьня.

З заявай аб асуджэньні палітыкі кіроўнай партыі «Грузінская мара» і гвалту супраць пратэстоўцаў выступілі больш за 290 дзяржаўных службоўцаў Грузіі.

«Мы пацьвярджаем нашу непахісную вернасьць волі, заяўленай у артыкуле 78 Канстытуцыі Грузіі большасьцю грамадзян Грузіі, ясна выказанай не адзін раз! Мы служым Грузіі!» — адзначаецца ў заяве.

У партыі «Грузінская мара» расцанілі гэтую заяву як сабатаж і спробу зьвяржэньня дзяржаўных органаў.

«[Гэта] было адным з складнікаў пляну дзяржаўнага перавароту. Мы бачылі пэтыцыі, якія распаўсюджвалі. Калі не памыляюся, падпісалі 229 супрацоўнікаў мэрыі. У нас у муніцыпалітэце да 32 тысяч супрацоўнікаў... Спроба дывэрсіі, паверце, не застанецца без адказу, вядома, у рамках Канстытуцыі і закону», — заявіў генэральны сакратар «Грузінскай мары» Каха Каладзэ.

28 лістапада прэм’ер-міністар Грузіі Іраклі Кабахідзэ абвясьціў аб прыпыненьні перамоваў з ЭЗ і адмове ад грантаў Эўразьвязу да 2028 году. Пры гэтым прэм’ер падкрэсьліў, што грузінскія ўлады застаюцца верныя сваёй мэце і краіна будзе гатовая да ўступленьня ў ЭЗ да 2030 году. Рашэньне ўладаў выклікала масавыя пратэсты перад будынкам парлямэнту ў Тбілісі. Дэманстранты спрабавалі ўзьвесьці барыкады, пачаліся сутычкі з паліцыяй. Для разгону пратэстоўцаў паліцыя ўжывала вадамёты і сьлезацечны газ.

Пасьля парлямэнцкіх выбараў у кастрычніку, на якіх кіроўная партыя «Грузінская мара» набрала 54% галасоў, апазыцыя і заходнія ўрады заявілі, што галасаваньне было азмрочанае парушэньнямі і расейскім уплывам.

Прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі заявіла, што лічыць парлямэнт нелегітымным і застанецца на сваёй пасадзе да выбраньня новага парлямэнту. Выбары прэзыдэнта ў Грузіі прызначылі на 14 сьнежня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «„Грузінская мара“ вядзе краіну не ў Брусэль, а ў Будапэшт», — Вадзім Дубноў