У беларускую дэлегацыю пад кіраўніцтвам Сьвятланы Ціханоўскай уваходзяць каля 20 чалавек: гэта прадстаўнікі АПК, Офісу Ціханоўскай, Каардынацыйнай рады, праваабаронцы, юрысты, бізнэсоўцы, актывісты з розных грамадзянскіх ініцыятываў. Амэрыканскі бок прадстаўляюць супрацоўнікі Дзярждэпартамэнту, беларускага аддзела амбасады ЗША ў Вільні, USAID і іншых агенцтваў.
На парадку дня сэсіі Стратэгічнага дыялёгу 4 сьнежня ў Вільні галоўная тэма — як дасягнуць сувэрэннай, стабільнай і дэмакратычнай Беларусі, а таксама праблемы правоў чалавека і палітвязьняў, прыцягненьня да адказнасьці рэжыму Лукашэнкі за рэпрэсіі і саўдзел у вайне Расеі супраць Украіны, падтрымка незалежных СМІ і прыватнага сэктару беларусаў у выгнаньні.
Намесьнік дзяржаўнага сакратара ЗША расказаў пра 5 пакетаў санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі ў 2024-м
Да ўдзельнікаў дыялёгу з Вашынгтону зьвярнуўся намесьнік дзяржаўнага сакратара ЗША Курт Кэмпбэл:
«Я рады выказаць нашую нязьменную падтрымку будучай дэмакратычнай, сувэрэннай і стабільнай Беларусі, якая паважае правы чалавека. Кожны дзень мужныя беларусы ідуць на разыку, падтрымліваючы асноўныя свабоды для ўсяго беларускага народу. І ЗША ганарацца тым, што працягваюць падтрымліваць вашую цяжкую працу.
Між тым рэжым Лукашэнкі працягвае дэманстраваць поўнае грэбаваньне правамі чалавека і дабрабытам беларускага народу. Чатыры гады пасьля сфальшаваных выбараў 2020 году Лукашэнка сыстэматычна дэмантаваў любыя праявы свабоднага грамадзтва, і мы ведаем, што рэжым працягвае перасьледаваць сяброў, блізкіх і сем’і прыхільнікаў дэмакратычнага руху, спрабуючы запалохаць і прымусіць замаўчаць тых, хто адважваецца супрацьстаяць».
Курт Кэмпбэл у сваім відэавыступе заявіў, што цяпер Беларусь саступае свой сувэрэнітэт Расеі і паглыбляе эканамічныя сувязі з Кітаем, каб ухіліцца ад заходніх санкцый.
«ЗША намагаюцца прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да адказнасьці праз жорсткія санкцыі ў адказ на жахлівую сытуацыю з правамі чалавека, якую стварыў Лукашэнка, і на яго садзейнічаньне ў поўнамаштабным уварваньні ва Ўкраіну».
Курт Кэмпбэл заявіў пра 5 пакетаў санкцый, якія ЗША абвясьцілі адносна беларускіх фізычных і юрыдычных асоб у 2024 годзе, каб максымальна паўплываць на Лукашэнку і ягоных саюзьнікаў. Толькі сёлета 76 фізычных і юрыдычных асоб зь Беларусі былі ўключаныя ў санкцыйны сьпіс ЗША, а з 2020 году гэты сьпіс склаў агулам каля 200 асобаў.
Разам з тым Курт Кэмпбэл запэўніў, што ЗША працягнуць праграмы абмену, стыпэндыі, іншыя формы падтрымкі беларусаў.
Курт Кэмпбэл згадаў, што беларускі рэжым прызначыў выбары на 26 студзеня 2025 году.
«Зразумела, што яны ня будуць ні свабоднымі, ні справядлівымі, бо будуць праходзіць у атмасфэры пастаяннага страху і рэпрэсій. Палітыка Лукашэнкі і ягонае падпарадкаваньне Расеі сеюць нестабільнасьць і рызыку ўцягваньня Беларусі ў канфлікт, якога беларускі народ не жадае».
На думку намесьніка дзяржаўнага сакратара ЗША, цяперашні Стратэгічны дыялёг знойдзе шляхі, як Злучаныя Штаты змогуць далей падтрымліваць беларускае грамадзтва і будучую сувэрэнную дэмакраычную Беларусь.
З 2020 году ЗША выдзелілі 140 мільёнаў даляраў на падтрымку Беларусі
Крыстафэр Бэргаўст, намесьнік каардынатара дапамогі ЗША Эўропе і Эўразіі, прыгадаў «фальшывыя прэзыдэнцкія выбары» ў Беларусі ў жніўні 2020 году:
«Многія, азіраючыся на падзеі 2020 году, бачаць толькі масавае задушэньне рэжымам Лукашэнкі грамадзянскай супольнасьці, спэцназ, які запіхвае людзей у міліцэйскія мікрааўтобусы, і іншыя жудасныя дзеяньні.
Жорсткая рэакцыя рэжыму была асуджаная і працягвае асуджацца, і мы павінны прыцягваць улады, адказныя за гэтыя рэпрэсіі, да адказнасьці за іх несумленныя парушэньні правоў чалавека.
Але я не хачу, каб мы ў сьвеце забыліся на магутны і натхняльны адказ звычайных беларусаў, беспрэцэдэнтная колькасьць якіх мірна і арганізавана заклікала да чагосьці лепшага ў вольнай і дэмакратычнай Беларусі.
Мяне заўсёды натхнялі сотні тысяч людзей, якія выйшлі на вуліцы летам 2020 году. Гэта ўключае ў сябе многіх, калі ня большасьць, з вас, якія сабраліся тут сёньня.
Вы зьвярнулі ўвагу на злоўжываньні рэжыму Лукашэнкі і пакуты, якія ён прычыняе беларусам на ўсіх узроўнях грамадзтва, і гэта дапамагло выклікаць моцную і рашучую рэакцыю з нашага боку».
Крыстафэр Бэргаўст запэўніў, што на працягу дзесяцігодзьдзяў Злучаныя Штаты пасьлядоўна падтрымліваюць свабодную, незалежную і дэмакратычную Беларусь, і гэтая падтрымка зьяўляецца двупартыйнай і перажывае розныя адміністрацыі (ён меў на ўвазе хуткі прыход да ўлады новай адміністрацыі і новага складу Кангрэсу ЗША).
Паводле яго, з 2020 году Злучаныя Штаты выдзелілі больш як 140 мільёнаў даляраў дапамогі для падтрымкі беларусаў, а нядаўна ў Вільні быў адкрыты офіс праграмы амэрыканскай дапамогі USAID для Беларусі.
«Мы абавязваемся працягваць ціск на рэжым і патрабаваць спыніць унутраныя рэпрэсіі, каб вызваліць усіх несправядліва затрыманых палітычных зьняволеных, правесьці свабодныя і справядлівыя выбары пад міжнародным назіраньнем і спыніць свой саўдзел у агрэсіўнай вайне Расеі супраць Украіны», — сказаў Крыстафэр Бэргаўст.
Ціханоўская: адбываецца паўзучая акупацыя і інкарпарацыя Беларусі Расеяй
Надзею на ўмацаваньне супрацоўніцтва дэмакратычных сіл Беларусі і ЗША ды на выпрацоўваньне ў гэтым новых ідэй выказала Сьвятлана Ціханоўская:
«Мы ніколі не забудзем вашу салідарнасьць, усю вашу дапамогу беларускаму народу на працягу гэтых гадоў. Я шчасьлівая бачыць, як прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў, а таксама грамадзянскай супольнасьці, праваабаронцы, СМІ, культурныя арганізацыі працуюць разам у імя дэмакратычных зьменаў», — сказала яна.
Зьвяртаючыся да ўсіх удзельнікаў дыялёгу, Ціханоўская выказалася аб магчымых дзеяньнях на найбліжэйшую пэрспэктыву:
«Нам неабходна распрацаваць канкрэтныя крокі, што можна зрабіць у наступныя месяцы і ў наступным годзе. Крокі ў аказаньні ціску на рэжым і вызваленьні палітычных зьняволеных, у стварэньні асноў дэмакратычнай дзяржавы — ад свабодных СМІ да сумленных выбараў. Крокі, накіраваныя на тое, каб Беларусь заставалася незалежнай і вызвалілася ад расейскага панаваньня».
Ціханоўская заклікала прызнаць, што Беларусь — гэта ня месца для «адасобленай барацьбы», а «поле бітвы за душу Эўропы», бо «без свабоднай Беларусі ня можа быць устойлівай бясьпекі ні для Ўкраіны, ні для Польшчы, ні для астатніх краін рэгіёну».
Пазьней у дыскусіі Ціханоўская прызнала, што цяпер адбываецца паўзучая акупацыя і інкарпарацыя Беларусі Расеяй:
«Суцэльныя рэпрэсіі накіраваныя на тое, каб задушыць усё жывое. Дыктатар Лукашэнка служыць інтарэсам Пуціна, а не беларускага народу. Рэжым зьнішчае нашу грамадзянскую супольнасьць, культуру, мову, незалежныя СМІ і прыватны сэктар... Хаця рэжым у Беларусі можа выглядаць непераможным і кансалідаваным, гэта ня так. Гэта як крэсла на трох ножках: 1) грошы, 2) рэпрэсіі, 3) і Расея. Калі ўпадзе адна нага, разваліцца ўсё крэсла. І, вядома, гэтая канструкцыя нетрывалая і доўга жыць ня можа».
Паводле Ціханоўскай, цяпер многія людзі з намэнклятуры зьліваюць апазыцыі інфармацыю (яны ня могуць пратэставаць адкрыта, але зьяўляюцца магчымымі саюзьнікамі), а дэмакратычныя сілы павінны прапанаваць беларусам альтэрнатыву дыктатуры і «русскому миру».
Ціханоўская прапанавала ЗША і беларускім дэмакратам далей, «ізалюючы дыктатара», падтрымліваць беларускае грамадства, разьвіваць міжчалавечыя сувязі, пашыраць нацыянальную ідэнтычнасьць, культуру і гісторыю — усё, што зьвязвае краіну з Захадам.
«Зараз мы не заклікаем людзей на вулічныя акцыі пратэсту — занадта высокая цана. Мы ня можам дазволіць сабе больш палітвязьняў. Тое, што мы можам і павінны рабіць — гэта дапамагаць людзям умацоўваць мясцовыя супольнасьці, будаваць сеткі, падтрымліваць адзін аднаго і праяўляць непадпарадкаваньне ў бясьпечнай форме.
Сытуацыя ў Беларусі можа зьмяніцца хутка, калі ніхто не чакае. Бог ведае, што можа быць з Лукашэнкам. Трэба быць гатовым і да гэтага моманту. З аднаго боку, дэмакратычныя сілы мусяць быць гатовыя дамагацца ўлады, хутка правесьці неабходныя рэформы і свабодныя выбары, прыняць новую Канстытуцыю. З другога боку, заходняя супольнасьць павінна быць гатовая падтрымаць гэты пераход і дапамагчы нам перадухіліць умяшаньне Расеі. Я радая, што ў Злучаных Штатах мы маем двупартыйную падтрымку. І я спадзяюся, што з новай адміністрацыяй пазыцыя ЗША ў дачыненьні да Беларусі застанецца цьвёрдай і прынцыповай».
Ціханоўская заклікала супрацьстаяць любым спробам рэжыму самалегітымізавацца, у прыватнасьці праз так званыя прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня, якія «будуць больш нагадваць вайсковую апэрацыю, чым выбары».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэмакратычныя сілы падрыхтавалі прапановы новых санкцыяў да другога раўнду стратэгічнага дыялёгу з ЗШАСтратэгічны дыялёг Беларусь — ЗША
Неабходнасьць выпрацаваць праграму стратэгічнага дыялёгу ў сакавіку 2023 году абвясьціла намесьніца дзяржаўнага сакратара ЗША Вэндзі Шэрман.
На яе думку, гэта дасьць магчымасьць Дзяржаўнаму дэпартамэнту ЗША, USAID і іншым структурам ураду ЗША арганізавана і мэтанакіравана сесьці за стол перамоваў з усімі ўдзельнікамі беларускага дэмакратычнага руху — з максымальна шырокім прадстаўніцтвам, ад палітычных інстытутаў да грамадзянскай супольнасьці, арганізацый, незалежных СМІ, прыватнага сэктару.
Перамовы праходзяць, каб разам вызначыць, як далей Злучаным Штатам падтрымліваць разьвіцьцё беларускай грамадзянскай супольнасьці і палітычных інстытутаў, як ЗША будуць далей падтрымліваць прыватны сэктар у выгнаньні, а таксама беларускія незалежныя СМІ.
Амэрыканскі бок акрэсьліў, што жадае бачыць шырокае кола беларускіх дэмакратычных суб’ектаў, у тым ліку:
- палітычных лідэраў;
- прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці;
- незалежных журналістаў;
- праваабаронцаў;
- юрыстаў;
- лідэраў прафсаюзаў;
- навукоўцаў.
Раней прадстаўнікі Офісу Ціханоўскай і і галоўны намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША ў супрацоўніцтве зь міжнароднымі арганізацыямі Дэвід Макфарлан абмяркоўвалі спосабы недапушчэньня сяброўства Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН у 2024–2025 гадах (па квоце Ўсходняй Эўропы) і арганізацыю слуханьняў па Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН, «каб патлумачыць важнасьць краіны для бясьпекі рэгіёну».
Амэрыканскія сэнатары Джын Шагін і Роджэр Уікер пасьля сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай заснавалі двупартыйную групу «Вольная Беларусь». Яны таксама ўзначалілі двупартыйную рэзалюцыю, якая пацьвярджае падтрымку ЗША беларускага прадэмакратычнага руху, які летась аднагалосна прыняў Сэнат.
На 6-8 сьнежня 2023 году ў Вашынгтоне прызначаны першы Стратэгічны дыялёг Беларусь — ЗША.
Зь беларускага боку ў ім возьмуць удзел Сьвятлана Ціханоўская, прадстаўнікі яе офісу, Аб’яднанага пераходнага кабінэту, Каардынацыйнай рады, праваабарончага цэнтру «Вясна», Беларускага прэс-клюбу, «Кібэрпартызанаў» і іншых арганізацый, а таксама незалежных СМІ.
У першым дыялёгу абмяркоўваюць пытаньні правоў чалавека і шляхі вызваленьня палітзьняволеных, разьвіцьцё прыватнага сэктару Беларусі, пагрозы сувэрэнітэту Беларусі з боку Расеі. Асобным пунктам перамоваў стане абмеркаваньне візавай і міграцыйнай праблематыкі.