Мастакі за кратамі. Чаму ўлады перасьледуюць творцаў

Адна з карцін Ігара Рымашэўскага, створаная ў 2020 годзе

У кастрычніку ў Беларусі арыштавалі мастакоў Ігара Рымашэўскага і Людмілу Шчамялёву. Абаім выставілі абвінавачаньні паводле крымінальных артыкулаў, яны знаходзяцца ў СІЗА.

Гэта ня першыя арыштаваныя з палітычных матывах беларускія мастакі. За кратамі сёньня знаходзіцца каля дзясятка творцаў, некаторыя ўжо адбылі тэрмін, дзясяткі выехалі за мяжу.

Беларускія мастакі, сужэнцы Ігар Рымашэўскі і Людміла Шчамялёва пасьля 2020 году засталіся ў краіне, працягвалі займацца творчасьцю. Яны не праяўлялі актыўнай апазыцыйнай ці грамадзкай дзейнасьці, не выказваліся публічна аб сытуацыі ў краіне. Аднак абое ў кастрычніку 2024 году перасталі выходзіць на сувязь. Паводле інфармацыі Свабоды, абаіх затрымалі ў другой дэкадзе месяца, спачатку ў адміністрацыйнай справе. Але пасьля завяршэньня тэрміну на волю яны ня выйшлі. Рымашэўскаму і Шчамялёвай інкрымінавалі крымінальную справу паводле 342-га артыкулу, іх вінавацяць «у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак», яны ўжо больш за месяц знаходзяцца ў СІЗА. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі. Гэта ня першыя беларускія мастакі, якія папоўнілі такі сьпіс.

Сужэнцы Людміла Шчамялёва і Ігар Рымашэўскі. Архіўнае фота

Арт-наіў

64-гадовая Людміла Шчамялёва — дачка народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва. Яе мужу Ігару Рымашэўскаму 65 гадоў. Абое закончылі Менскую мастацкую вучэльню імя А. Глебава, Ігар яшчэ — Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская акадэмія мастацтваў. — РС).

Рымашэўскі працуе ў галіне жывапісу, прыкладнога і манумэнтальнага мастацтва. Людміла займаецца станковым жывапісам, манумэнтальным і дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам. Іхныя творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі і ў Мастацкім фондзе Беларусі, у галерэі Webkunsthaus у Нямеччыне, у швайцарскай галерэі Schaer und Wildbolc, у прыватных галерэях і калекцыях многіх замежных краінаў сьвету.

Твор Людмілы Шчамялёвай, натхнёны падзеямі 2020 году

Працы Рымашэўскага і Шчамялёвай упрыгожвалі турыстычныя аўтобусы беларускай сталіцы, мастакі стварылі вобраз «вечнага Менску» і наіўных, прастадушных, але надзвычай сардэчных беларусаў.

«Мілыя амапаўцы»

Мастачка Ганна (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі. — РС) добра ведае Ігара і Людмілу яшчэ са студэнцкіх часоў. Яна жыве за мяжой і шмат выстаўляецца ў эўрапейскіх галерэях. Замежным галерыстам вельмі падабаецца беларускае «наіўнае мастацтва», імёны Ігара Рымашэўскага, Валянціна Губарава, Людмілы Шчамялёвай вядомыя там, гаворыць Ганна ў размове са Свабодай.

Праца Ігара Рымашэўскага

«У творах Ігара добры гумар, утульнасьць, душэўнасьць, сардэчнасьць. У яго такія мілыя, простыя жыцьцёвыя сюжэты, ён расказвае пра побытавыя рэчы з усьмешкай, часам несур’ёзна, але заўсёды па-добраму і досыць арыгінальна, з фантазіяй. На карцінах вельмі шмат дэталяў, але настолькі ўсё гарманічна і дакладна, нічога лішняга. Ад яго карцін ідуць станоўчыя флюіды, падымаецца настрой. Ды ў Ігара нават амапаўцы мілыя, забаўныя, а ня грозныя», — кажа студэнцкая сяброўка Ігара Рымашэўскага.

Ёсьць у Ігара Рымашэўскага і жартаўлівыя карціны пра першую асобу дзяржавы: «Разьвітаньне» (чалавек, падобны да Лукашэнкі, разьвітваецца з каровай перад ад’ездам у горад), «Фініта ля камэдыя» (мядзьведзь гоніцца за лыжнікам № 1 на лыжні ў Раўбічах), «Самотны хакеіст».

У 2020 годзе ў Рымашэўскага зьявіўся цыкль карцін пра беларускіх сілавікоў і пратэстоўцаў. «Ніхто ня пройдзе», «Бітва на мосьце», «Если кто-то кое-где у нас порой…» — так называюцца некаторыя карціны цыклю.

«Прамая трансьляцыя», Людміла Шчамялёва

Людміла Шчамялёва таксама працуе ў стылі «арт-наіў», яе творы — гэта міні-гісторыі паўсядзённага побыту звычайных беларусаў, прасякнутыя цёплым гумарам і іроніяй. У менскай галерэі «Мастацтва» ў сьнежні 2020 году прайшл CDСа пэрсанальная выстава Шчамялёвай з назвай «Усё будзе добра!»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сумныя карціны на «дзень дурня»: як менская мастачка малюе каранавірус і самаізаляцыю

«Мастакі, якія гавораць праўду, рызыкуюць сваёй свабодай»

Мастак, куратар выставак Андрэй Дурэйка перакананы, што ў беларускіх уладаў творцы заўсёды выклікалі занепакоенасьць і трывогу. Пра гэта сьведчыць і забарона многіх выставак, цэнзура, а з 2020 году — шматлікія арышты, затрыманьні, турэмныя тэрміны.

«Мастацтва зьвязана зь дзьвюма рэчамі: праўдай і свабодай. Абедзьве гэтыя рэчы для любога рэжыму, нават няжорсткага, небясьпечныя. І мастакі, якія найбольш радыкальна і адкрыта выступаюць, гавораць праўду, рызыкуюць сваёй свабодай. На мастацтва пачалі наяжджаць з самага першага дня. Калі мы з калегамі ў сакавіку 2021 году ў Кіеве рабілі выставу беларускіх творцаў „Кожны дзень. Мастацтва, салідарнасьць, супраціў“, выявілася, што кожны чацьвёрты з удзельнікаў быў арыштаваны і пасаджаны», — перакананы спадар Дурэйка.

Андрэй Дурэйка

Андрэй Дурэйка кажа, што для яго затрыманьне Ігара Рымашэўскага і Людмілы Шчамялёвай стала асабістым болем, яго шмат што зьвязвае зь сям’ёй мастакоў.

«Леанід Шчамялёў быў першым вядомым беларускім мастаком, якога я сустрэў, калі прыехаў у Менск у 15 гадоў, а яго жонка выкладала ў нас у мастацкай вучэльні фізыку. Людмілу і Ігара мне па-чалавечы вельмі шкада. Праз чатыры гады дайшлі ўжо да такіх людзей, якіх, здавалася б, ніхто ня будзе чапаць. Але ўлады паказваюць, што няма недатыкальных асобаў. А мы ж ведаем, што ў Беларусі сядзяць ня толькі палітыкі ва ўзросьце, а і філёзафы, мастакі ды іншыя. Лягчэй хапаць мастакоў, чым шукаць сапраўдных ліхадзеяў», — кажа Андрэй Дурэйка.

Ён падкрэсьлівае, што ў Беларусі пад каток рэпрэсій трапілі нават комікі і стэндапэры, а ня толькі мастакі.

«За жартамі, іроніяй, сьцёбам нікому не ўдалося схавацца. Мастак Уладзімер Цэсьлер, ды многія іншыя, вымушаныя былі эміграваць. У мастацтве Ігара і Людмілы прысутнічае, здавалася б, бяскрыўдная „беларуская наіўнасьць“, жарты, гумар. Яны гралі, скажам так, на цымбалах прымітывізму, але і іх затрымалі.

Гумар для беларускіх уладаў небясьпечны. Шмат хто зьдзіўляўся, чаму ў Беларусі няма „партрэтнага культу“ ня толькі прэзыдэнта, а ўвогуле першых асобаў. Зразумела, чаму: самыя няздольныя мастакі пачалі б маляваць (як гэта і адбылося), і ўсе проста рагаталі б», — мяркуе Андрэй Дурэйка.

На думку спадара Дурэйкі, рэпрэсіўная машына ня спыніцца, проста да некаторых творцаў яшчэ рукі сілавікоў не дайшлі.

«Кожны дзень адкрываеш навіны і чытаеш, што чарговая выстава забароненая з падачы чарговай даносчыцы. Зьмены ў Мінкульце таксама дзіўныя — думаеш, які наступны тэатар будзе зьнішчаны. Сёньня мы бачым, што гайкі закручваюцца яшчэ больш», — рэзюмуе мастак, куратар выстаў Андрэй Дурэйка.

«Быў затрыманы невядома за што»

Ігар Рымашэўскі і Людміла Шчамялёва толькі папоўнілі сьпіс мастакоў, якія пасьля падзей 2020 году трапілі за краты па крымінальных абвінавачваньнях. 11 ліпеня 2023 году ў зьняволеньні загінуў мастак, рэстаўратар і пэрформэр Алесь Пушкін. У канцы сакавіка Пушкін вярнуўся з кіеўскай выставы на радзіму, дзе яго чакала крымінальная справа. Падставай для абвінавачваньня стаў партрэт антысавецкага падпольшчыка Яўгена Жыхара. Судзьдзя Алена Шылько асудзіла Алеся Пушкіна на 5 гадоў зьняволеньня. Падчас закрытага працэсу мастак парэзаў сабе жывот. Пасьля васьмі месяцаў ва ўмовах горадзенскай турмы № 1 57-гадовы Алесь Пушкін памёр у шпіталі хуткай дапамогі Горадні.

Партрэт Алеся Пушкіна на адной з акцый памяці

Былога кіраўніка творчай суполкі «Пагоня» мастака Генадзя Драздова ў траўні 2023 году судзьдзя Яўген Пісарэвіч асудзіў на 3 гады калёніі агульнага рэжыму за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу).

У адным з праўладных тэлеграм-каналаў у жніўні 2022 году зьявіўся відэазапіс з Драздовым. Там гаварылася, што сілавікі затрымалі «творчую асобу», якая прыбыла з Украіны, і нібыта знайшлі ў затрыманага сумесныя фота з украінскімі вайскоўцамі. Да таго ж сьцьвярджалася, што ў 2020 годзе мастак нібыта «браў непасрэдны ўдзел у блякаваньні дарог, размаўляў з радыкальна настроенымі апазыцыянэрамі». На відэазапісе Драздоў сказаў, што «затрыманы супрацоўнікамі міліцыі невядома за што». На кадрах з кватэры мастака былі відаць невялікія нацыянальныя сьцягі і бел-чырвона-белыя стужкі, раскіданыя кнігі і карціна зь вядомай актывісткай Нінай Багінскай.

65-гадовы Генадзь Драздоў адбывае пакараньне ў шклоўскай калёніі № 17. Падчас зняволеньня ён перанёс два інсульты, ён мае сур’ёзныя праблемы са здароўем. Неаднаразова мастака зьмяшчалі ў ШЫЗА. https://www.svaboda.org/a/32734172.html

Генадзь Драздоў

59-гадовы мастак з Гальшанаў Іван Вярбіцкі асуджаны адразу паводле чатырох крымінальных артыкулаў на 8 гадоў і 1 месяц калёніі. Пасьля першага суду яму двойчы дадавалі па 1 годзе за нібыта «непадпарадкаваньне адміністрацыі». У выніку агульны тэрмін Вярбіцкага склаў 10 гадоў і 1 месяц. Тэрмін адбывае ў жодзінскай сьледчай турме № 8.

27-гадовага мастака Андрэя Папова першы раз затрымалі 9 жніўня 2020 году. Падчас затрыманьня паранілі, тры дні Папоў правёў у жодзінскім ІЧУ, пасьля чаго выйшаў на волю. Ізноў Андрэя затрымалі 1 верасьня, ужо ў крымінальнай справе. Яму было выстаўлена абвінавачаньне паводле ч. 2 арт. 293 КК («Удзел у масавых беспарадках»). Папову прысудзілі 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Пакараньне адбывае ў бабруйскай калёніі №15.

20-гадовага мастака Андрэя Раптуновіча затрымалі ў красавіку 2022 году. Судзьдзя Сяргей Хрыпач прысудзіў яму 4 гады калёніі. Афіцыйнай прычынай перасьледу ўлады назвалі намер Раптуновіча далучыцца да тады батальёна Каліноўскага і рэгістрацыю ў пляне «Перамога» (ч. 3 арт. 361-1, «Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні», і ч. 1 арт. 361-3, «Падрыхтоўка да ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяньнях»). Раптуновіч адбывае пакараньне ў наваполацкай калёніі №1.

Некалькі творцаў ужо цалкам адбылі пакараньне і выйшлі на волю. Напрыклад, мастак Уладзіслаў Макавецкі адседзеў 2 гады за тое, што замахнуўся на міліцыянта дубінкай.

Мастак Даніла Ганчароў быў звольнены з Новага драматычнага тэатра за страйк. Судзьдзя Дзьмітры Карсюк прысудзіў яму паводле 342-га артыкулу КК 2 гады калёніі. Ганчароў цалкам адбыў пакараньне ў ПК-17 калёніі і выйшаў на волю.