Апазыцыйныя партыі Паўднёвай Карэі абяцаюць пачаць працэдуру імпічмэнту прэзыдэнта

Пратэстоўцы каля парлямэнту ў Сэуле

Дзяржаўнага перавароту ў краіне не адбылося, а прэзыдэнт цяпер можа сутыкнуцца з пагрозай імпічмэнту.

3 сьнежня прэзыдэнт Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёль абвясьціў у краіне ваеннае становішча. Рашэньне ён прыняў пасьля спробаў найбуйнейшай апазыцыйнай Дэмакратычнай партыі Паўднёвай Карэі абвясьціць імпічмэнт ключавым урадавым чыноўнікам. У тэлезвароце Юн заявіў, што апазыцыя паралізавала працу ўраду, а ваеннае становішча дапаможа захаваць у краіне канстытуцыйны парадак.

Аднак за адмену ваеннага становішча прагаласавалі ўсе 190 дэпутатаў, якія прысутнічалі на паседжаньні парлямэнту.

Заканадаўцы заклікалі прэзыдэнта падаць у адстаўку, а ў выпадку адмовы пагражаюць імпічмэнтам, піша Reuters. Юн Сок Ёль займае пасаду прэзыдэнта з 2022 году.

Дэмакратычная партыя заявіла, што працэдуру імпічмэнту гатовыя падтрымаць шэсьць апазыцыйных партый. Лідэр кіроўнай Партыі народнай сілы Юна заклікаў адправіць у адстаўку міністра абароны Кім Ён Хёна і ўвесь кабінэт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Паўднёвай Карэі абвясьціў у краіне ваеннае становішча

3 сьнежня пасьля абвяшчэньня ваеннага становішча каля будынку парлямэнту сталі зьбірацца людзі. Вайскоўцы паспрабавалі захапіць кантроль над будынкам, а грамадзяне сутыкнуліся з паліцыяй. Пасьля адмены ваеннага становішча сытуацыя паспакайнела, але пратэстоўцы запатрабавалі адстаўкі Юн Сок Ёля.

Нацыянальны сход можа аб’явіць прэзыдэнту імпічмэнт, калі за гэта прагаласуе больш за дзьве траціны дэпутатаў. Затым Канстытуцыйны суд можа пацьвердзіць яго галасаваньнем шасьці зь дзевяці судзьдзяў.

Партыя Юна кантралюе 108 месцаў у заканадаўчым сходзе з 300 дэпутатаў.

Калі Юн падасьць у адстаўку або будзе адхілены ад пасады, прэм’ер-міністар Хан Дак Су заняў бы пасаду выканаўцы абавязкаў прэзыдэнта да новых выбараў на працягу 60 дзён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парлямэнт Паўднёвай Карэі прагаласаваў за адмену ваеннага становішча, уведзенага прэзыдэнтам