Сталі вядомыя прозьвішчы яшчэ сямі памілаваных палітзьняволеных жанчын

Імёны 7 палітзьняволеных жанчын, якія выйшлі на волю на падставе памілаваньня Лукашэнкі 20 лістапада, назваў прапагандыст Юры Васкрасенскі, паведамляюць праваабаронцы «Вясны».

«Астатнія сем — гэта Гуцік, Драгун, Дуброўская, Макарава, Скроб, Сьцёпіна, Патрусева», — сказаў Васкрасенскі.

Пэўна, гаворка ідзе не пра Патрусеву, а пра палітзьняволеную Вольгу Патрусаеву, удакладнілі праваабаронцы.

Такім чынам, на волю выйшлі:

  • Вольга Патрусаева, затрыманая 15 лістапада 2023 году, асуджаная ў Менску па ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх») на 1,5 года калёніі агульнага рэжыму. Адбывала тэрмін у ПК № 4.
  • Валерыя Драгун, затрыманая 27 красавіка 2024 году, асуджаная паводле арт. 370 КК («Зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў») на 1 год калёніі агульнага рэжыму. Адбывала тэрмін у ПК № 4.
  • Тацяна Макарава, асуджаная на 2 гады і 6 месяцаў «хіміі» паводле арт.203-1 КК («Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных зьвестках»). Таксама ёй прызначылі штраф у памеры 4000 рублёў.
  • Натальля Сьцёпіна, асуджаная на 2 гады калёніі агульнага рэжыму паводле ч. 2 арт. 367 КК («Паклёп на прэзыдэнта»).
  • Алена Дуброўская, асуджаная на 1 год і 6 месяцаў калёніі агульнага рэжыму паводле ч. 1 арт. 368 КК («Абраза прэзыдэнта»). У яе таксама канфіскавалі тэлефон як «сродак зьдзяйсьненьня злачынства».
  • Ірына Скроб, затрыманая 15 сакавіка 2023 году, асуджаная на 2 гады і 6 месяцаў калёніі агульнага рэжыму паводле арт. 361-4 КК («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).
  • Алена Гуцік, асуджаная за ўдзел у акцыях пратэсту, прысуд праваабаронцам невядомы.

20 лістапада Лукашэнка памілаваў 32 палітвязьняў, «асуджаных за ўчыненьне экстрэмісцкіх злачынстваў»: 8 жанчын і 24 мужчын.

Раней стала вядома, што на волю на падставе памілаваньня Лукашэнкі 20 лістапада выйшла палітзьняволеная Аляўціна Гудкова, затрыманая вясной 2024 году і асуджаная на 1 год калёніі паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») за ўдзел у акцыі пратэсту, якая прайшла ўвечары 10 жніўня 2020 году ў Берасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Назвалі імёны яшчэ пяці памілаваных 7 лістапада палітвязьняў

З 3 ліпеня 2024 году ў Беларусі прайшло шэсьць хваляў памілаваньня палітвязьняў, агулам вызвалена 178 чалавек:

  • 20 лістапада Лукашэнка памілаваў 32 грамадзян, «асуджаных за ўчыненьне экстрэмісцкіх злачынстваў» (8 жанчын і 24 мужчыны).
  • 7 лістапада Лукашэнка прыняў рашэньне аб памілаваньні 31 палітвязьняў: 2 жанчыны і 29 мужчын.
  • 16 верасьня, напярэдадні так званага Дня народнага адзінства, Лукашэнка памілаваў 37 чалавек, асуджаных за «злачынствы экстрэмісцкай накіраванасьці».
  • 4 верасьня стала вядома пра выхад на волю 30 асуджаных па «палітычных» артыкулах: сем жанчын і 23 мужчыны. Большасьць зь іх — бацькі непаўналетніх дзяцей.
  • 16 жніўня Лукашэнка памілаваў 30 чалавек, іх ліку — 14 жанчын і 16 мужчын. Некаторыя маюць сур’ёзныя захворваньні.
  • 3 ліпеня на волю выйшлі 18 палітвязьняў. Гэта былі 4 жанчыны і 14 мужчын, у тым ліку анкалягічны хворы экс-старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

У жніўні праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляў, што Юры Васкрасенскі тэлефануе сваякам палітвязьняў з мэтай «прымусіць пісаць прашэньні аб памілаваньні» на імя Аляксандра Лукашэнкі.

Раней беларускія дэмакратычныя сілы склалі «гуманітарны сьпіс» палітвязьняў, якія павінны быць неадкладна вызваленыя. Туды ўвайшло 16 чалавек з абмежаванымі магчымасьцямі, 91 зь цяжкімі захворваньнямі, 65 пэнсіянэраў, 10 чалавек з псыхічнымі разладамі, 23 непаўналетнія, а таксама ня менш за пяць сем’яў, у якіх у месцах пазбаўленьня волі знаходзяцца абое бацькі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 223 новыя палітвязьні супраць 178 памілаваных: праваабаронцы падлічылі, ці зьменшылася колькасьць палітвязьняў у Беларусі