Беларусы — на другім месцы па колькасьці атрыманых ДНЖ у Эўразьвязе за 2023 год. 10 гадоў таму іх выдалі ў 3,7 раза менш

Ілюстрацыйнае фота

Па выніках 2023 году беларусы атрымалі ў 3,7 раза больш першасных дазволаў на жыхарства ў краінах Эўразьвязу, чым дзесяць гадоў таму, сьведчыць статыстыка Эўрастату.

Паводле статыстыкі Эўрастату, па выніках 2023 году беларусы занялі другое месца сярод замежнікаў па колькасьці атрыманых першасных дазволаў на жыхарства ў краінах Эўразьвязу — агулам 281 279 беларусаў атрымалі такія дакумэнты. На першым месцы — грамадзяне Ўкраіны, якія летась атрымалі 307 313 першасных дазволаў на жыхарства ў краінах ЭЗ.

Партал Visual Capitalist на падставе зьвестак Эўрастату параўнаў колькасьць першасных дазволаў на жыхарства, выдадзеных дзяржавамі Эўразьвязу у 2013, 2018 і 2023 гадах, і апублікаваў інфаграфіку, якая паказвае дынаміку росту за апошнія дзесяць гадоў.

Як вынікае з інфаграфікі, з 2013 году па сёньняшні дзень першае месца па колькасьці атрыманых ДНЖ у Эўразьвязе стабільна займаюць грамадзяне Ўкраіны. Аднак, калі ўкраінскія паказчыкі пачалі зьніжацца (з 634 тысяч ДНЖ у 2018 годзе да 307 тысяч у 2023 годзе), дык колькасьць беларускіх заявак істотна ўзрасла.

У 2013 годзе беларусы атрымалі 75 714 ДНЖ у краінах Эўразьвязу і былі на 4-м месцы. У 2018 годзе Беларусь не ўваходзіла нават у топ-10 краінаў па колькасьці выдадзеных ДНЖ, а ў 2023 годзе апынулася на другой пазыцыі з 281 279 выдадзенымі дакумэнтамі (у 3,7 раза больш, чым у 2013 годзе).

Калі параўнаць з агульнай колькасьцю насельніцтва Беларусі (9 155 978 чалавек на 1 студзеня 2024 году), дык у 2023 годзе больш за 3% ад агульнай колькасьці насельніцтва атрымалі эўрапейскія дазволы на жыхарства. Гэтым Беларусь адрозьніваецца ад большасьці краін у першай дзясятцы, бо мае адносна невялікае насельніцтва. Для параўнаньня: толькі каля 1% украінцаў атрымалі ДНЖ у Эўразьвязе ў 2023 годзе, нягледзячы на вайну, якая працягваецца ўжо трэці год. Рост колькасьці беларускіх заявак таксама перасягнуў паказчыкі іншых краін, якія сутыкнуліся з ваеннымі канфліктамі, напрыклад, Сырыі і Афганістану.

Агулам жа 2023 год стаў рэкордным для Эўразьвязу па колькасьці выдадзеных першасных дазволаў на жыхарства — 3,7 мільёна іншаземцаў атрымалі права жыць і працаваць у ЭЗ. У 2013 і 2018 гадах гэтыя паказчыкі былі ніжэйшыя, нават з улікам Вялікай Брытаніі, якая да Брэкзіту таксама выдавала такія дакумэнты, адзначае выданьне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сацыёлягі расказалі, колькі мігрантаў-беларусаў гатовыя вярнуцца на радзіму і пры якой умове
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сярод беларускіх мігрантаў найцяжэй у Польшчы — жанчынам і тым, хто прыехаў у 2020–2021 гадах, — дасьледаваньне