Пуцін скасаваў правядзеньне спаборніцтваў, якія расейская прапаганда імкнулася выдаць за «альтэрнатыўную Алімпіяду»

Сымболіка Расейскага алімпійскага камітэту. Ілюстрацыйнае фота

«Усясьветных гульняў дружбы» ня будзе.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін скасаваў правядзеньне «Ўсясьветных гульняў дружбы» ў Расеі. Указ апублікавалі на сайце афіцыйных прававых актаў Расеі. Спартовыя спаборніцтвы ня будуць праводзіцца да асаблівага распараджэньня, сказана ў дакумэнце.

Аб правядзеньні «Гульняў дружбы» расейскія ўлады заявілі ў чэрвені 2023 году на фоне адхіленьня расейскіх атлетаў ад міжнародных спаборніцтваў за расейскую вайну ва Ўкраіне. Яны абяцалі прыняць тысячы спартоўцаў з розных краін; акрамя традыцыйных алімпійскіх дысцыплін, там павінны былі прайсьці спаборніцтвы ў акрабатычным рок-н-роле, нардах і спартовым праграмаваньні.

Спаборніцтвы павінна былі прайсьці ў Маскве і Екацерынбурзе ў пачатку восені 2024 году. Затым яго перанесьлі на 2025-ы.

За перамогу спартоўцам абяцалі 40 тысяч даляраў, другое і трэцяе месца ацанілі ў 30 і 20 тысяч адпаведна. На спаборніцтвы плянавалі выдзеліць $83 млн.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МАК заклікаў спартоўцаў і ўрады краін адмовіцца ад удзелу ў «палітызаваных» Гульнях дружбы ў Расеі

Супраць турніру рэзка выступілі Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) і міжнароднае антыдопінгавае агенцтва WADA. Генэральны дырэктар расейскага антыдопінгавага агенцтва РУСАДА Вераніка Логінава заяўляла «РИА Новости»што акрэдытаваныя лябараторыі адмовіліся прымаць вынікі ўзятых на турніры допінг-тэстаў.

Да «Гульняў дружбы» не плянавалі дапускаць расейскіх спартоўцаў, якія выступілі на Алімпіядзе ў Парыжы пад нэўтральным сьцягам. Ніводная з краін, акрамя Беларусі, аб удзеле не заяўляла. Беларусь таксама пад моцнымі санкцыямі ў спартовым сьвеце, беларускія атлеты на міжнародных стартах, у тым ліку на Алімпіядзе, выступаюць пад нэўтральным сьцягам.

Ва ўказе Пуціна гаворыцца, што спаборніцтвы скасаваныя «ў мэтах абароны правоў спартоўцаў». Адлічэньні ад букмэкераў Пуцін загадаў перадаць у новы, яшчэ ня створаны фонд падтрымкі спорту ў Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прыніжаныя і адрынутыя. Алімпіяда, якая паказала сапраўднае стаўленьне сьвету да дыктатур Лукашэнкі і Пуціна