Канстытуцыйны суд зацьвердзіў вынікі першага туру прэзыдэнцкіх выбараў у Румыніі

Пратэст у Бухарэсьце 27 лістапада 2024, пасьля першага туру прзыдэнцкіх выбараў

У другім туры будуць змагацца крайне правы кандыдат Кэлін Джарджэску і кіраўніца «Зьвязу выратаваньня» Элена Лясконі.

Джарджэску некаторыя палітычныя аналітыкі называюць прарасейскім кандыдатам, а Лясконі — празаходняй лібэралкай.

Пасьля першага туру прэзыдэнцкіх выбараў у многіх гарадах Румыніі адбыліся пратэсты. Большасьць удзельнікаў пратэстаў былі маладымі людзьмі, занепакоенымі радыкальнымі поглядамі Джарджэску і будучыняй сваёй краіны.

28 лістапада Канстытуцыйны суд Румыніі абавязаў Цэнтральнае выбарчае бюро пералічыць вынікі першага туру з прычыны выяўленых парушэньняў. У выпадку, калі б суд не зацьвердзіў вынікаў галасаваньня, яго давялося б праводзіць паўторна. Цяпер другі тур мае адбыцца 8 сьнежня.

Тым часам на парлямэнцкіх выбарах у Румыніі ў гэтыя выходныя перамагла Сацыял-дэмакратычная партыя, якую ўзначальвае дзейны прэм’ер-міністар Марчэль Чаляку. На другім месцы — аб'яднаньне правапапулісцкіх партый «Альянс за румынскае адзінства», трэцяе месца — у праэўрапейскага «Зьвязу выратаваньня Румыніі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як TikTok спрыяў узьлёту ўльтраправага кандыдата ў прэзыдэнты Румыніі Кэліна Джарджэску
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вынікі парлямэнцкіх выбараў у Румыніі: перамагае партыя дзейнага прэм’ера краіны, папулісцкі альянс на другім месцы