Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе па ўсёй краіне праходзілі мірныя пратэсты супраць фальсыфікацый і пабіцьця людзей. Да пратэстаў далучыліся і студэнты.
12 чалавек у «справе студэнтаў» затрымалі 12 лістапада 2020-га.
16 ліпеня 2021-га ім вынесьлі прысуд. 10 студэнтаў, выкладчыцу і выпускніцу прызналі вінаватымі ў арганізацыі студэнцкіх акцый пратэсту і ў злачынстве ў складзе групы. Судзьдзя Марына Фёдарава прысудзіла фігурантам гэтай справы па 2,5 года зьняволеньня. Адзін зь іх атрымаў 2 гады.
Усе асуджаныя цалкам адбылі свой тэрмін. 30 лістапада 2022 году яны выйшлі на волю. Цяпер усе яны жывуць у Эўропе: у Вільні, Варшаве, Празе, Турыне. Ася Булыбенка, Алана Гебрэмарыям, Марыя Каленік, Ксенія Сырамалот, Ільля Трахтэнбэрг, Вольга Філатчанкава расказваюць сваю гісторыю ад затрыманьня да эвакуацыі і жыцьця ў эміграцыі.
Які сьлед пакідае турма на маладосьці, аб чым шкадуюць і аб чым не, як надалужыць скрадзеныя гады — у дакумэнтальным праекце Свабоды.