Дзясяткі людзей загінулі ў цісканіне пасьля сутыкненьняў на футболе ў Гвінэі

Патруль на вуліцы ў Гвінэі, архіўнае фота

Трагедыя адбылася ў другім па велічыні горадзе краіны Нзэрэкорэ, паведамляюць мясцовыя СМІ.

Прэм’ер-міністар Ба Уры ​сказаў, што цісканіна на мерапрыемстве ў нядзелю прывяла да вялікай колькасьці ахвяр, і заклікаў да спакою. Адзін лекар, які не захацеў быць названым, сказаў агенцтву AFP, што ў мясцовай лякарні застаюцца некалькі целаў, а морг перапоўнены.

Мясцовыя СМІ паведамляюць, што паліцыя выкарыстала сьлёзацечны газ пасьля таго, як прыхільнікі гасьцявой каманды зь Лябэ ў гневе на арбітра кідалі ў яго камяні.

Афіцыйных зьвестак пра ахвяраў пакуль няма.

«Усё пачалося са спрэчнага рашэньня арбітра. Потым фанаты ўварваліся на поле», — сказаў адзін зь відавочцаў AFP.

Відэа і выявы ў сацыяльных сетках паказваюць хаатычныя сцэны за межамі стадыёна: вялікія натоўпы людзей спрабуюць пералезьці цераз сьцены і мноства целаў на зямлі.

Нядзельны паядынак «Нзэрэкорэ» і «Лябэ» быў часткай турніру ў гонар прэзыдэнта Мамадзі Думбуя, які захапіў уладу ў выніку дзяржаўнага перавароту ў верасьні 2021 году, піша MediaGuinee.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трыццаць першы год ня могуць знайсьці маіх грошай за мяжой». Як дыктатары хаваюць свае сапраўдныя багацьці

Адна з найвялікшых трагедый у гісторыі Гвінэі таксама адбылася на стадыёне. У 2009 годзе 156 чалавек былі забітыя пасьля таго, як войскі адкрылі агонь па мітынгу апазыцыі на стадыёне ў сталіцы краіны Канакры.

Многія былі застрэленыя, зарэзаныя нажамі, зьбітыя або раздушаныя ў цісканіне, калі сілы бясьпекі выпусьцілі сьлёзацечны газ і кінуліся на стадыён. Акрамя таго, дзясяткі жанчын былі згвалтаваныя.

BBC дадае, што былы вайсковы кіраўнік Муса Дадзіс Камара нядаўна быў асуджаны да 20 гадоў пазбаўленьня волі за злачынствы супраць чалавечнасьці ў сувязі з той расправай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня толькі Пуцін з Лукашэнкам. Прэзыдэнт Чаду шосты раз ідзе на выбары. Хто яшчэ дзесяцігодзьдзямі пануе ў Афрыцы?