Па факце трагедыі крымінальную справу ўзбудзілі супраць намесьніка начальніка цэху. Яму інкрымінавалі парушэньне правілаў аховы працы, якое прывяло па неасьцярожнасьці да сьмерці трох чалавек (ч. 3 арт. 306 Крымінальнага кодэксу).
Справу разглядаў суд Сьветлагорскага раёна. У ходзе працэсу абвінавачаны часткова прызнаў сваю віну, піша Белта.
У выніку яго асудзілі да 5 гадоў калёніі ва ўмовах пасяленьня і пазбавілі на 5 гадоў права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў.
Суд задаволіў і пазовы намесьніка генпракурора: з абвінавачанага ў інтарэсах Сьветлагорскага ЦКК, МНС і Сьветлагорскай райбальніцы спагнаны нанесены ім маёмасны ўрон - больш як 7 млн беларускіх рублёў. На карысьць пацярпелых з прадпрыемства таксама спагналі 560 тысяч беларускіх рублёў матэрыяльнай кампэнсацыі маральнай шкоды. Прысуд у законную сілу не ўступіў, можа быць абскарджаны і апратэставаны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справу аб выбуху на Сьветлагорскім ЦКК накіравалі ў судВыбух на Сьветлагорскім ЦКК адбылася ў 2023 годзе. У выніку трагедыі загінулі трое чалавек — супрацоўнікі прадпрыемства ва ўзросьце 31, 24 і 42 гадоў.
- Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат сумнавядомы шматлікімі скаргамі на яго з боку мясцовых жыхароў і шэрагам трагічных здарэньняў на прадпрыемстве.
- З 2020 году на заводзе загінулі сама меней пяць чалавек, каля дзесяці атрымалі розныя траўмы. У выніку апошняга выбуху на Сьветлагорскім ЦКК 7 чэрвеня 2023 году тры чалавекі загінулі, чацьвёра атрымалі раненьні.
- Пасьля аварыі 7 чэрвеня першым пра яе напісала мясцовае выданьне «Ранак». На здымках выданьня было бачна, як з заводу выцякала атрутная вадкасьць — чорны шчолак. Праз два дні па 9 супрацоўнікаў выданьня прыйшла міліцыя. Сайт выданьня заблякавалі, сацсеткі прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Пазьней «экстрэмісцкім фармаваньнем» стаў увесь «Ранак». У сьнежні журналісты выданьня трапілі пад крымінальны перасьлед.
- Мясцовыя жыхары скардзяцца на смурод ад Сьветлагорскага ЦКК і кепскае самаадчуваньне ад бруднага паветра з 2017 году. У Сьветлагорску ўтварылася экалягічная ініцыятыўная група, якая займалася праблемамі заводу. Актывісты напісалі чыноўнікам больш за сотню скаргаў.
- У кастрычніку 2023 году Сьветлагорскі ЦКК пакаралі за шкоду, нанесеную навакольнаму асяродзьдзю, штрафам у 3 341 758,02 рубля (плюс 33 417,58 рубля дзяржаўнай пошліны).