18 лістапада Павал Латушка адправіў запыт у МЗС Польшчы аб спрашчэньні працэсу атрыманьня гуманітарных візаў для беларусаў, якія знаходзяцца ў Грузіі, ва ўмовах зьмяненьня там сацыяльна-палітычнай абстаноўкі.
27 лістапада намесьніца міністра замежных спраў Польшчы Гэнрыка Машчыцкая-Дэндыс у адказе кіраўніку НАУ паведаміла аб прыняцьці спэцыяльных мер.
«... грамадзяне Беларусі, якія знаходзяцца ў Грузіі, маюць права падаць заяўку на польскую візу толькі на падставе самога факту знаходжаньня на тэрыторыі Грузіі (на працягу ня менш за 6 месяцаў) без неабходнасьці легалізацыі свайго знаходжаньня», — гаворыцца ў адказе.
Таксама намесьніца міністра замежных спраў Польшчы зазначыла, што МЗС і польскія консулы аддаюць асаблівую ўвагу пытаньням падтрымкі грамадзян Беларусі, якія перасьледуюцца рэжымам Лукашэнкі і ратуюцца ад рэпрэсій.
Павал Латушка выказаў падзяку польскім уладам за падтрымку.
«Важна, каб беларусы маглі разьлічваць на атрыманьне польскай візы, асабліва ў выпадках, калі яны падвяргаюцца палітычнаму перасьледу з боку рэжыму Лукашэнкі і іх жыцьцю пагражае рэальная небясьпека», — адзначыў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапарлямэнт не прызнаў вынікі выбараў у Грузіі. Грузія прыпыніла перамовы аб уступленьні ў ЭЗ да 2028 году- 28 лістапада парлямэнт Грузіі зацьвердзіў новы склад ураду на чале з прэм’ер-міністрам Іракліем Кабахідзэ. У сваім выступе ён паабяцаў перазагрузку стасункаў з ЗША і Эўразьвязам. Гаворачы пра адносіны з Масквой, прэм’ер заявіў, што трэба прытрымлівацца «прагматычнай палітыкі». Таксама Кабахідзэ адзначыў, што Грузія адмаўляецца ад перамоваў аб уступленьні ў Эўразьвяз да 2028 году. Да гэтага часу ўрад плянуе адмовіцца ад бюджэтных грантаў з боку Эўразьвязу.
- За некалькі гадзін да таго, як «Грузінская мара» пастанавіла прыпыніць інтэграцыю ў Эўразьвяз, Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю, у якой назваў парлямэнцкія выбары 26 кастрычніка сфальсыфікаванымі, не прызнаў іх вынікаў і запатрабаваў прымяніць санкцыі ў дачыненьні да лідэраў кіроўнай партыі.
- Чатыры апазыцыйныя партыі, якія прайшлі па выніках выбараў у парлямэнт, таксама не прызнаюць вынікі выбараў і байкатуюць паседжаньні.